Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Сёньня ў Беларусі прафэсінае сьвята КГБ – чарговая гадавіна самай жорсткай арганізацыі дзяржаўнага тэрору, якую ўведала чалавецтва ў ХХ стагоддзі. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Уяўляеце ў сучаснай Нямеччыне прафэсійнае сьвята – Дзень Гестапа? Ці больш сучасны врыянт – дзень Штазі? Ці ў Румыніі – дзень Сэкурытатэ? Ці нават у Амэрыцы – дзень ЦРУ?

Зь якога боку не паглядзі – не атрымліваецца сьвяточнасьці. Арганізацыі, якія займаюцца дзяржаўнай бясьпекай – службовыя паводле самога вызначэньня, дапаможныя, другасныя. Яны дапамагаюць нармальнаму функцыянаваньню грамадзтва і дзяржавы. Іх роля прыкладная такая як у арганізме тоўстай кішкі, што выводзіць шкодныя адкіды, ачышчае. Важная функцыя – але калі тоўстая кішка пачынае кіраваць усім арганізмам, тады яна не абараняе, а зьнішчае – так былі зьнішчаныя ў ХХ стагоддзі мільёны людзей.

КГБ – спадчына камуністычнага СССР. Ён сканаў пакуль толькі ў Літве, Латвіі і Эстоніі, дзе дзейнічае закон аб люстрацыях. У Беларусі КГБ нават захаваў свой назоў. КГБ – гэта спосаб мысьленьня, стыль жыцьця, які апісваецца словамі дыктатура, таталітарызм, паліцэйская дзяржава.

У сучаснай Беларусі такая процьма спэцслужбаў – легальных, напаўлегальных, сакрэтных, якія супернічаюць адна з адной, што, магчыма, на іх фоне сам афіцыйны КГБ – сёньня ня самая беззаконная і бескантрольная служба. Аднак, уся памянёная спэцраць – плоць ад плоці КГБ як дзяржаўнага стыля, што пануе ў краіне.

Менавіта спэцслужбы дапамагаюць утрымліваць прэзыдэнцкую ўладу асобе, чые паўнамоцтвы скончыліся роўна пяць месяцаў таму. Спэцслужбы вядуць беззаконную працу супраць палітычнай апазыцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, парасткаў грамадзянскай супольнасьці.

Ёсьць аддзелы, якія ў меру дазволенага і магчымага змагаюцца з арганізаванай злачыннасьцю, эканамічнымі афёрамі, кантрабандай. Але без адказу застаецца пытаньне – на карысьць якой дзяржавы працуюць у Беларусі супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі? Ці ня той, дзе іх калегі сталі апошнімі трыма (!) прэм'ер-міністрамі запар – беспрэцэдэнтная пасьлядоўнасьць і яснасьць накірунку руху.

Характэрнае прызнаньне зрабіла Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага банку Беларусі і вязень турмы КГБ, ў інтэрвію нашаму радыё, якое прагучала ў мінулую суботу: "Я Вам магу сказаць, што больш за ўсё ўразіла мяне ў сьледчым ізалятары Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі, што яны там таксама гавораць шэптам. Супрацоўнікі гавораць шэптам, паказваюць на столь".

Наўрад ці Бога баяцца супрацоўнікі беларускага КГБ. Але – баяцца. І гэта – галоўны сэнс іх сёньняшняга прафэсійнага сьвята. Няможна ўсур'ёз ганарыцца сваёй прафэсіяй, пачуваць сябе годна перад дзецьмі, у прыстойнай кампаніі, урэшце, перад самім сабой.

Камэнтар да прафэсійнага сьвята КГБ будзе дарэчы скончыць пытаньнем: Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі – дзе яны? Ці жывыя? Хто загадаў іх скрасьці? Хто выконваў загад? Хто наступны?

Гісторыя ЧК-ГПУ-НКВД-МГБ-КГБ сьведчыць, што наступныя могуць быць і зь ліку саміх нашчадкаў жалезнага Фэліксу.

XS
SM
MD
LG