Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гомельскі сьледчы Альберт Чумакоў, які расьледваў справу вядомага расейскага бізнэсоўцы й мецэната Анатоля Селівончыка адхілены ад вядзеньня справы за службовыя парушэньні. Цяпер справаю Селівончыка займаецца новы сьледчы, Віктар Сафронаў. Ён не выключае, што да канцу году справа будзе перададзеная ў суд.

Тое, што справа перададзеная іншаму сьледчаму , трэба аднесьці на рахунак адвакаткі Селівончыка Веры Страмкоўскай. Яна пачала барацьбу зь нядобрасумленным сьледчым за правы падабароннага, рызыкуючы застацца без адвакацкай ліцэнзіі.

Нагадаю, што месяц таму, узяўшы на азнаямленьне падрыхтаваную сьледчым вабласное пракуратуры Чумаковым справу супраць Селівончыка, Страмкоўская знайшла ў ёй мноства парушэньняў.

Страмкоўская пыталася: "Чаго вартыя дадзеныя шматлікіх экспэртызаў, аніводная зь якіх не была праведзеная ў адпаведнасьці з законам? Яны нічога ня вартыя".

"Аднак Чумакоў усе свае высновы грунтаваў менавіта на гэтых экспэртызах", – тлумачыць адвакатка. Яна указала на недахоп сьледчага, але ў адказ пайшла скарга на Страмкоўскую ў менскую гарадзкую калегію адвакатаў і, акрамя таго, сьледчы забараніў ёй бачыцца з падабаронным Селівончыкам у ізалятары.

Страмкоўская паскардзілася на Чумакова ў рэспубліканскую пракуратуру й нечакана для яе гэты крок даў вынік. Чумакова адхілілі.

Праўда, сёньня ў гутарцы па тэлефоне гомельскі вабласны пракурор Уладзімер Гаўрыльчык не пагадзіўся з тым, што адхіленьне Чумакова адбылося толькі на падставе скаргі адваката. "Гэта адбывалася адначасова з разглядам скаргі. Проста Чумакоў зрабіў адную працэсуальную памылку, і мы яго замянілі", – прызнаў гомельскі вабласны пракурор Гаўрыльчык.

Адносна справы Селівончыка ён патлумачыў, што расьледваньне фактычна завершанае, і засталося толькі азнаёміцца са справаю самому абвінавачванаму. Аднак Селівончык ужо паўтары месяцы робіць тое, што мог бы адолець за тры дні, – паскардзіўся на расейскага бізнэсмэна гомельскі пракурор.

І ўсё ж ён лічыць, што да канцуа году працэдура азнаямленьня са справаю будзе завершаная і будзе перададзеная ў суд. Гэткі ж прагноз паўтарыў і новы сьледчы ў справе Віктар Сафронаў.

Стала таксама вядома пра тое, што новы сьледчы зьняў з Анатоля Селівончыка адно з абвінавачваньняў – гэта арганізацыя масавых забурэньняў.

Але на рахунку спонсара акцыі па захопу беларускае вёскі Мікалаеўка Сьветлагорскага раёну яшчэ засталіся такія сур'ёзныя абвінавачваньні, як непадпарадкаваньне міліцыі і, пазбаўленьне волі грамадзянаў. Гэтыя абвінавачваньні, калі яны будуць прызнаныя судом, пацягнуць на пазбаўленьне волі тэрмінам на 7 гадоў.

XS
SM
MD
LG