Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Валянцін Жданко, Прага

Якія пэрспэктывы для беларускай улады маюць вынікі парлямэнцкіх выбараў у Расеі?

Папярэднія вынікі расейскіх парлямэнцкіх выбараў несуцяшальныя для Аляксандра Лукашэнкі. Новая Дума, відавочна, будзе значна менш "чырвонай", чым папярэдняя, а ўплыў у ёй блёку Прымакова-Лужкова зусім не такім вырашальным, як на тое спадзявалася беларуская ўлада.

Лукашэнка ў часе апошняй расейскай выбарчай кампаніі быў даволі асьцярожны – не параўнаць з папярэднімі выбарамі. За некалькі месяцаў да галасаваньня ён ужо не дэманстраваў так адкрыта сваю прыхільнасьць да Лужкова, і ўвогуле, пазьбягаў публічных кантактаў з кіраўнікамі расейскіх палітычных блёкаў, якія сышліся ў жорсткім двубоі за ўладу.

Пра адзінае выключэнне з гэтага правіла Лукашэнка сам распавёў на мінулым тыдні, падчас тэлевізійнай прэсавай канфэрэнцыі. Паводле ягоных словаў, падтрымкі ў яго папрасіў Віктар Чарнамырдзін. І падтрымку гэтую атрымаў. Лукашэнка і сустрэўся зь ім у часе свайго апошняга побыту ў Маскве, і пра ягоныя заслугі ў справе інтэграцыі распавёў праз расейскія тэлеканалы.

Вельмі паказальны плён гэтых намаганняў: чарнамырдзінскі блёк "Наш дом – Расея", мяркуючы па ўсім, увогуле ня будзе мець уласнай фракцыі ў новай Думе.

Правыя і права-цэнтысцкія пракрамлёўскія сілы ў расейскай Дзярждуме ў выніку выбараў умацавалі свае пазыцыі, і гэта ёсьць відавочная параза Лукашэнкі. Многія з гэтых людзей вельмі добра ўсьведамляюць сапраўдныя палітычныя пляны беларускага кіраўніка адносна Расеі, а таксама небясьпеку, якую нясе для цэласнасьці Расеі ўся інтэграцыйная кампанія па-лукашэнкаўску.

Знаходзіць агульную мову з Шойгу, а тым больш зь Яўлінскім і Кірыенкам Лукашэнку куды больш складана, чым з Лужковым, Прымаковым і Зюганавым. А тое, што ў новай Думе блёк "Айчына – уся Расея", нават аб'яднаўшыся з камуністамі, ня будзе мець вырашальнага голасу – цяпер ужо відавочна.

Зразумела, не выпадае казаць пра тое, што аб'яднальная эпапея ўвогуле будзе згорнутая – "беларуская карта" ў Расеі ахвотна разыгрываецца пры ўсіх рэжымах усімі палітыкамі.

Праблема для Лукашэнкі ў тым, якім можа быць вынік гэтай гульні асабіста для яго. Мінулая нядзеля паказала, што ў блізкім часе ўлюбёная гульня для беларускага лідэра стане значна больш складанаю.

XS
SM
MD
LG