Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Вынікі выбараў ў Дзяржаўную Думу Расеі ды іхны магчымы уплыў на беларуска-расейскія стасункі…

Улады ўстрымліваюцца ад камэнтароў, апазыцыя не хавае задавальненьня. Вось як пракамэнтаваў вынікі выбараў у Дзяржаўную думу Расеі намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі Юрась Хадыка:

(Хадыка: ) "Гэта даволі абнадзейваючыя вынікі, таму што яны сьведчаць аб істотнай паразе левых шавіністычных сілаў і ўзмацненьні ўплыву больш рацыяналістычных палітыкаў правага накірунку".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы мяркуеце, якія наступствы гэта будзе мець для беларуска-расейскіх адносінаў?"

(Хадыка: ) "Спадзяюся, што тыя ідэі, якія выказвалі дзеячы Саюзу Правых Сілаў адносна інтэграцыі сумесна з Беларусьсю ў эўрапейскую супольнасьць, будуць заваёўваць больш шыркую падтрымку і ў расейскім грамадзтве".

(Карэспандэнт: ) "Але шмат хто з назіральнікаў лічыць, нават, што вынік выбараў – гэта перамога партыі вайны. Справа ў тым, што і блёк "Адзінства" і, нават, Саюз Правых Сілаў выступаюць у падтрымку прэм'ера Пуціна, у падтрымку вайны да пераможнага канца".

(Хадыка: ) "Я думаю, што гэтая палітыка была ў нейкім сэнсе цынічнаю. Я думаю, ізноў паўстане праблема перамоваў з чачэнскім кіраўніцтвам пасьля завяршэньня выбарчае кампаніі. Я думаю, што ўсё ж расейскае кіраўніцтва павінна разумець, што вайна да пераможнага канца ў Чачэніі проста немагчымая".

(Карэспандэнт: ) "Я вось хацеў зьвярнуць увагу на яшчэ адну тэзу саюзу правых сілаў, якая была агучаная і спадаром Кірыенкам, і спадаром Чубайсам наконт таго, што аб'яднаньне Беларусі і Расеі магчымае толькі ў выглядзе інкарпарацыі Беларусі ў Расею, і, на думку гэтых палітыкаў, гэта было б добра. Такія меркаваньні не выклікаюць у Вас засьцярогаў?"

(Хадыка: ) "Гэта тое, што называецца "доказ ад адваротнага". Гэта папярэджаньне беларусам пра тую рэальную пэрпэктыву, якая іх чакае, калі тыя працэсы атрымаюць лягічнае завяршэньне. Яны гавораць праўду і, ў гэтым сэнсе, яны робяць нам паслугу.

Гэта быў намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі Юрась Хадыка.

Кіраўнік Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што выбыры ў Расеі прывялі да істотнага зьмяншэньня ўплыву камуністаў. Ён назваў шчаўчком па носе Аляксандру Лукашэнку посьпех Зьвязу правых сілаў, які публічна заяўляе аб нелегітымнасьці сучаснае беларускае ўлады.

На думку сп. Багданкевіча зараз беларуская апазыцыя будзе мець больш магчымасьцяў уплываць на расейскую ўладу. Ен падкрэсьліў, што асноўныя кірункі расейскае палітыкі ня зьменяцца, бо ўсе палітычныя сілы ў Расеі адчуваюць настальгію па імпэрыі.

Але лідэр АГП лічыць, што патрабаваньні большай дэмакратызацыі Беларусі з боку Масквы былі б на карысць беларускай дэмакратыі. Ён сьцьвярджае, што допуск апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў і справядлівы рэфэрендум аб стасунках з Расеяй быў бы лепшым варыянтам, чым сучаснае становішча, калі ўсё вырашае адзін Лукашэнка.

Багданкевіч спаслаўся на дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх за рэальнае аб'яднаньне з Расеяй, гэта значыць, за паглынаньне Беларусі Расеяй, выступае толькі блізу 20% беларусаў.

Кіраўнік АГП выказаў меркаваньне, што зараз значна звузяцца магчымасьці Лукашэнкі гуляць на супярэчнасьцях паміж Крамлём і Думаю, прычым, гэтыя магчымасьці будуць тым меншыя, чым большай будзе папулярнасьць прэм'ера Пуціна.

Шмат хто з назіральнікаў выказваў меркаваньне, што ў Расеі на выбарах перамагла партыя вайны, перамаглі тыя сілы, якія падтрымлівалі прэм'ера Пуціна. А папулярнасьць кіраўніка расейскага ўраду ў значнай ступені грунтуецца на ягонай жорсткай пазыцыі ў адносінах да Чачні.

Сп. Багданкевіч выказаў спадзяваньне, што пазыцыя праўрадавых сілаў у Думе па чачэнскім пытаньні стане пасьля выбараў больш гнуткай. Ён заўважыў, што гэтыя сілы з'арыентаваныя на супрацоўніцтва з Захадам і таму будуць імкнуцца знайсьці балянс паміж пагрозаю тэрытарыяльнай цэласьці Расеі ды пагрозаю міжнароднай ізаляцыі.

Як ня дзіўна, дастаткова аптымістычна ацаніў вынікі выбараў кіраўнік Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін. Ён прызнаў, што расейская кампартыя ў нечым страціць свае пазыцыі ў параўнаньні зь мінулай Думаю, у васноўным за кошт таго, што на гэты раз падвышаючы каэфіцыент будзе вельмі нязначным (у 1995 годзе КПРФ, набраўшы столькі ж галасоў, колькі й зараз, атрымала мандатаў ці не ўдвая больш за кошт партыяў, якія не пераадолелі 5-адсоткавы бар'ер).

Але зараз, – заўважыў Калякін, – камуністы паказалі лепшы вынік па аднамандатных акругах. Да таго ж істотную колькасьць мейсцаў атрымаў і блёк "Отечество – Вся Россия", які будзе выступаць разам з камуністамі ў шэрагу прынцыповых пытаньняў, у прыватнасьці, у пытаньні абмежаваньня прэзыдэнцкае ўлады, якое Сяргей Калякін лічыць для Расеі такім жа актуальным, як і для Беларусі.

Ён таксама адзначыў некалькі фактараў, якія могуць істотна паўплываць на расстаноўку сілаў у Думе: невядома, як разьмяркуюцца па фракцыях прыкладна 100 незалежных дэпутатаў, якімі будуць паводзіны дэпутатаў ад праўрадавага "Единство". Калякін нагадаў, што ў Беларусі ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня пры таемным галасаваньні значная частка дэпутатаў прапрэзыдэнцкае фракцыі "Згода" галасавалі супраць прапановаў Лукашэнкі. Тое ж, – лічыць лідэр камуністаў, – можа адбыцца і з "Единством" в Расеі.

На думку Сяргея Калякіна, беларускай апазыцыі варта засвоіць два вельмі йстотных урокі з расейскае выбарчае кампаніі. Першы – улада мае калясальныя магчымасьці ўплываць на выбар людзей, на іхную сьвядомасьць. І другі, больш аптымістычны ўрок – улада можа шмат, але ня ўсё.

Сяргей Калякін выказаў меркаваньне, што магчымасьці Лукашэнкі ўплываць на расейскую палітыку ня зьменшацца, а ўзрастуць. І зьвязана гэта, на думку сакратара ПКБ, не са складам новае Думы, а з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. "Беларускі фактар будзе выкарыстоўвацца ўсімі: ад Пуціна да Зюганава", – лічыць Сяргей Калякін.

XS
SM
MD
LG