Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Сярод мноства артыкулаў і іншых водгукаў міжнароднага друку на вайну ў Чачні зьвяртае на сябе ўвагу рэдакцыйны камэнтар вядомага брытанскага часопіса "Ekonomist" пад загалоўкам "Змрочная і крывавая Расея".

Напярэдадні парляманцкіх выбараў, – піша "Ekonomist", – у Расеі склалася парадаксальная сытуацыя. Пытаньне, якое вельмі непакоіць усясьветную супольнасьць, амаль не абмяркоўваецца падчас перадвыбарчай кампаніі ў Расеі ні кандыдатамі, ні выбаршчыкамі.

Што ж гэта за краіна такая, Расея, якая можа праводзіць усеагульныя парлямэнцкія выбары, не звяртаючы ўвагі на грамадзянскую вайну ва ўласным доме зь яе жудасьцямі і непатрэбнай жорсткасьцю.

Адказ на гэтае пытаньне можа быць толькі адзін: Расея дзіўная краіна, магчыма, выключна дзіўная краіна. З усіх эўрапэйскіх краінаў (за выключэньнем Югаславіі), якія вызваліліся ад камунізму 10 гадоў таму, Расея зрабіла найбольш няпэўны прагрэс у бок дэмакратыі і стандартаў паводзінаў, якія асацыююцца зь ёй.

Усе галоўныя палітычныя партыі краіны, – піша "Ekonomist", – падтрымліваюць вайну, бальшыня з іх безкрытычна. Прэм'ер-міністар краіны Ўладзімер Пуцін, які зьбіраецца ўдзельнічаць у барацьбе за прэзыдэнцкае крэсла, якое звольніцца ўлетку наступнага году, заваяваў сваю папулярнасць дзякуючы сваей выразнай прыхільнасьці да ваеннага вырашэньня канфлікту. Чачэнцы непапулярныя ў Расеі невыпадкова. Яны даволі часта заслугоўвалі сваю рэпутацыю за жорсткасьць і злачынныя дзеяньні, якія цяпер зьвязваюць з ісламскім экстэмізмам. Зразумела і тое, што расейцы хочуць абараніць сваю краіну ад тэрарызму.

Аднак у бальшыні дэмакратычных грамадзтваў адбыліся б пратэсты супроць неапраўдана жорскіх дзеяньняў расейскай арміі ў адказ на чачэнскі выклік. І асабліва ў пэрыяд выбарчай кампаніі адбылася б дыскусыя, якім жа чынам скончыць вайну. Але нічога падобнага няма ў Расеі.

Вельмі мала людзей у Расеі задумваюцца над пытаньнем: ці адзіны выхад з крызысу – крывавая заваёва Чачні і падпарадкаваньне яе народу.

Мала каго ў Расеі цікавіць і рэфармаваньне яе гаспадаркі, якая ўпала цяпер ніжэй узроўню гаспадаркі малой Галяндыі. Камуністы на левым фланзе, крайнія нацыяналісты і славянафілы – на правым, усе разам хочуць аднаўленьня нейкай формы Расейскай імпэрыі. Хаця і неясна, якім чынам можна гэта зрабіць. Пераважае цынізм, асабліва сярод новай скарумпаванай наменклятуры, якая прыйшла на зьмену старой савецкай. Усе гэта суправаджаецца ўсеагульнай дэградацыяй, у якую пагрузілася грамадзтва, хаця ўсе ведаюць (у тым ліку і камуністы), што вяртаньне да старых парадкаў немагчымае.

Перадвыбарчае апытаньне грамадскай думкі адлюстроўвае перадусім уладу брудных грошай, беспадстаўныя абяцаньні, разьвянчаньне адных і высоўваньне на перадавыя пазыцыі іншых…

Мала хто сумняецца, што новая Дума будзе такой самай адыёзнай як і цяперашняя. Нягледзячы на тое, што бальшыня яе дэпутатаў ставіцца варожа да прэзыдэнта Барыса Ельцына, ніколі не ўдалося сабраць дастатковую колькасьць мандатаў дзеля таго, каб пачаць працэс яго імпічмэнту. Бальшыня па-просту баіцца страціць свае пасады ў выніку гэтага працэсу.

Камуністы, магчыма, зноў атрымаюць самую вялікую колькасць галасоў (магчыма, пятую частку агульнай колькасьці). Як і раней, дрэнныя вынікі будуць у паслядоўных рэфарматараў і лібэралаў.

Посьпех камуністаў у нядзельных выбарах можа быць паказальнікам суадносінаў сілаў у прэзыдэнцкай гонцы будучым летам. Лідэр камуністаў Генадзь Зюганаў выглядае няздольным пашырыць сваю падтрымку па-за кола людзей, хворых камуністычнай настальгіяй. Рэальнымі ж кандыдатамі на прэзыдэнта, папулярнасць якіх будзе тэставацца ў нядзелю, гэта Ўладзімер Пуцін і Яўген Прымакоў, былы прэм'ер-міністар як і першы – чалавек КГБ.

Містар Пуцін, – піша "Ekonomist", – як бы знаходзіцца па-над думскімі партыямі, хаця ён і падтрымаў на выбарах малую партыю "Адзінства". Ельцын вызначыў яго ў якасьці свайго пераемніка. Партыя Прымакова "Уся Расея", якую патрымлівае ўплывовы мэр Масквы Юры Лужкоў, мала чым адрозьніваецца сваей палітыкай ад Ельцына ці Пуціна.

Аднак прэзыдэнцтва Пуціна, праўдападобна, будзе адрозьнівацца ад прэзыдэнцтва Прымакова. Як прэм'ер-міністар Пуцін амаль цалкам сканцэнтраваўся на жорсткім вырашэньні чачэнскага канфлікту. У яго ёсьць сувязі з шэрагам вядучых эканамічных рэфарматараў, а таксама са шматлікімі бізнэсоўцамі, якія мяркуюць, што ён задаволіць іхнія чаканьні.

Хаця некаторыя лібэралы прадказваюць яму ролю расейскага Піначэта. Члены скарумпаванага ельцынскага асяродзьдзя мяркуюць, што ён абароніць іх у выпадку перамогі.

Лёс яго, – падкрэслівае ангельскі часопіс "Ekonomist" амаль цалкам залежыць ад выніку вайны ў Чачні. Прымакоў – чалавек слабога здароў'я, ён жорсткі і хітры. Малапраўдападобна, каб ён пасьлядоўна праводзіў рэформы. Але ён можа, і ён зрабіў гэта, калі быў на пасадзе прэм'р-міністра, паспрабаваць прыцягнуць да адказнасьці некаторых найбольш агідных алігархаў, якія зрабілі расейскую палітыку прадажнай.

Абодвы галоўныя кандыдаты, магчыма, здолеюць лепш суіснаваць з Думай, чымся гэта рабіў Ельцын. Абодвы павысяць аўтарытэт Крамля пасля гадоў невыразнага кіраўніцтва, якое мяжуе з адсутнасьцю твара. Але абодвы яны хворыя агіднай расейскай хваробай разглядаць замежную і ўнутраную палітыку ў якасьці бескампраміснай гульні, у якой перамога аднаго боку абавязкава выклікае страту і, нават, паніжэньне другога. Абодва могуць падмануць сьвет. Яны могуць праводзіць палітыку пагрозаў сваім суседзям, падаўляць рэгіёны, якія імкнуцца да большай аўтаноміі. Але абодвы будуць аднолькава невыгодныя для Захаду.

Сёньняшняя перадвыбарчая кампанія прадэманстравала, што ў Расеі пануе маральны і палітычны вакум. Зразумела, што шматпартыйныя выбары, якімі б куцымі яны не былі, лепшыя, чымся тыранія, якая была тут раней.

Расеі, аднак, – падсумоўвае брытанскі часопіс "Ekonomist", – яшчэ далёка да нармальнай краіны. Яе трагедыя палягае ў тым, што пасьля гадоў аўтакратыі, масавых забойстваў ды ідэалягічнага лунацізму, вельмі мала людзей там разумеюць, што дэмакратыі і рынкавая гаспадарка могуць прыносіць рэальныя вынікі толькі тады, калі ў грамадзтве запануе сумленнасьць, роўнасьць усіх перад законам, справядлівасьць. Ні сябры цяперашняй, ні сябры заўтрашняй Думы, ні Пуцін, ні Прымакоў, не гаворачы ўжо пра Ельцына, не разумеюць гэтага. І пакуль яны не зразумеюць гэта, Расея будзе жахлівай краінай, асабліва для яе ўласных грамадзянаў, і перш за ўсё для чачэнцаў.

Такім падсумаваньнем заканчваецца артыкул ангельскага часопіса "Ekonomist".

XS
SM
MD
LG