Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір заўтра)
Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Адной з важнейшых эканамічных падзеяў адыходзячага тыдню стала лібэралізацыя абменнага курсу ў сэктары наяўнае валюты. Нечакана ў "абменьніках" камэрцыйных банкаў зьявілася абвестка, што можна прадаць даляры ЗША за 710-715 тысячаў рублёў, а купіць па 730 тысячаў за даляр.

Насельніцтва й прадпрымальнікі ўспрынялі гэта з ухваленьнем і з насьцярогаю.

З ухваленьнем, таму што абменны курс прыкладна роўны ценявому курсу даляра, і няма патрэбы абменьваць даляры ў мянялаў ды баяцца дзяржаўнае кары. Можна канстатаваць, што як бы адной дзеяй дзяржавы два рынкі валюты: рынкавы й банкаўскі зьліваюцца ў адзін.

З насьцярогаю таму, што такія спробы лібэралізацыі валютнага рынку з боку Нацыянальнага банку былі й раней. У 1996 годзе, напрыканцы 1997 году і ў сьнежні мінулага. Плёну гэтыя дзеяньні не далі. Да палітыкі абмежаваньня Нацыянальны банк хутка вярнуўся зноў.

Гэтым разам ёсьць нібыта сур'ёзныя намеры Нацыянальнага банку адрэгуляваць валютныя адносіны. Пра гэта сьведчыць дзеяньні Нацыянальнага банку на іншых сэгмэнтах валютных ды фінансавых стасункаў. Напрыклад, 25 лістапада была павялічаная стаўка рэфінансаваньня на 20 пунктаў і 14 сьнежня яна зноў павялічаная на 20 пунктаў – да 120 адсоткаў. Гэты крок успрымаецца як імкненьне абмежаваць колькасьць грошай у абарачэньні і тым самым зьнізіць попыт на валюту, стрымліваючы далейшую дэвальвацыю рубля.

Станоўчым зьяўляуцца таксама тое, што Нацыянальны банк цяпер ня толькі зьняў абмежаваньні сумаў зьдзелак куплі-продажу валюты для прадпрыемстваў, але й адмовіўся ад практыкі выдачы дазволаў на такія зьдзелкі.

Аднак, гэтыя крокі па лібэралізацыі валютнага рынку ўспрымаюцца як палавіністыя і да канца не вырашальныя. І не толькі таму, што захоўваецца пазабіржавы валютны рынак, дзе курс куплі складае 920 тысячаў рублёў за даляр, і афіцыйны банкаўскі курс, паводле якога забіраюць частку валютнае выручкі ў прадпрыемстваў-экспартэраў па курсу 317 тысячаў за даляр… І не толькі таму, што праводзяцца дадатковыя сэсіі куплі-продажу валюты, ужо сёньня кошты валюты не ўстанаўліваюцца, а толькі рэкамэндуюцца Нацыянальным банкам у межах 600 тысячаў рублёў за даляр, што, у прынцыпе, адно і тое ж…

Праблема ў тым, што застаюцца невырашанымі шматлікія пытаньні грашова-крэдытных стасункаў, без чаго нельга лібэралізаваць валютныя стасункі й стабілізаваць іх. Да гэтага часу не ўстаноўлены станоўчыя працэнтавыя стаўкі, без чаго будуць і надалей адбывацца "ўцёкі" ад нацыянальных грошай.

Не пераадоленая і гіперінфляцыя. Прырост чыстага рублёвага крэдыту дасягне сёлета 90 трыльёнаў рублёў, што ўдвая перавышае дазволены ўзровень і г.д.

Азначаная палавіністасьць тычыцца й лібэралізаціі рынку наяўнае валюты, мэтаю якой зьяўляецца назапашваньне валютных рэзэрваў банкаўскае сыстэмы. Штосьці не бачна чэргаў у "абменьніках", каб прадаць валюту… За дзень камэрцыйныя банкі купляюць па некалькі дзясяткаў тысячаў даляраў, што ёсьць мізэрам. Чаму так адбываецца?

Па-першае, трымальнікі даляраў чакаюць далейшага падзеньня валютнага курсу рубля. Нават міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў нядаўна заявіў, што ў сярэдзіне будучага году валютны курс рубля будзе роўны 1,5 мільёны рублёў за даляр, а да канцу гэтага году чакаецца дэвальвацыя рубля да ўзроўню 1 мільён рублёў за даляр.

Па-другое, Нацыянальны банк разам з урадам адной рукою ўводзіць лібэралізацыю рынку наяўнае валюты, а другой – стрымлівае прыток валюты ў краіну, бо абмяжоўваюцца прадпрыймальнікі й нават чаўнакі, якія як раз і несьлі валюту ў "абменьнікі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG