Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

"Беларусь у ХХ стагодзьдзі. Гісторыя, якой няма ў падручніках", – так называецца міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя, якая праходзіць 17-18 сьнежня ў Менску.

Як пэўную сэнсацыю ўспрынялі ўдзельнікі канфэрэнцыі паведамленьне вядомага дасьледніка савецкага таталітарызму Ігара Кузьняцова пра тое, што гэтая імпрэза праходзіць амаль адначасова з гэтак званымі сталінскімі чытаньнямі, наладжанымі артадоксам СССР-аўскае гісторыі Адамам Залескім.

Ягоныя прыхільнікі маюць на мэце перанесьці ў падручнікі ХХІ стагодзьдзя гісторыю савецкіх лёзунгаў ды кампартыйных пастановаў пры адначасным поўным замоўчваньні гісторыі масавых рэпрэсіяў ды гэнацыду цэлых народаў былое імпэрыі, якая ня толькі не памерла, але й наважваецца дыктаваць свае прынцыпы ў наступным тысячагодзьдзі.

Паведамленьне пра актывізацыю прыхільнікаў сталінскага гістарызму жывым прыкладам праілюстравала даклад амэрыканскага прафэсара Сэма Оўкленда, які перад тым яскрава давёў, што ў Беларусі мы назіраем клясычны ўзор таталітарнае краіны пэрыяду дакіеўскае Русі, якая працуе на самазьнішчэньне. Пэрспэктывы такое краіны вельмі недалёкія. На думку амэрыканскага прафэсара, ужо ў 2000 годзе сьвет можа ня мець на ўвазе Беларусь.

Прычыны такое самазьнішчальнае палітыкі ў Беларусі паказала ў сваім дакладзе доктар Эн Спэкхард. Яны палягаюць у псыхалёгіі тэрору, якая пануе ў грамадзтве. Калі арыштоўваюць чалавека, то сусед радуецца, што не яго. Калі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі выганяюць з унівэрсытэту студэнта, то аднакурсьнікі не пратэстуюць супольна. Калі навукоўцу звальняюць з працы паводле палітычных матываў, то ягоныя калегі не наладжваюць страйк. Такая псыхалёгія паводзінаў грамадзтва і ёсьць асноваю таталітарызму, лічыць доктар Энн Спэкхард.

Арганізатары канфэрэнцыі, у сваю чаргу, лічаць, што падобная псыхалёгія грунтуецца на няведаньні грамадзтвам таго, што было, а зь няведаньня ня зробіш аніякіх высноваў дзеля будучыні. Ужо згаданы Ігар Кузьняцоў сказаў у сваім выступе, што ў падрыхтаваных камісіяй віцэ-прэм'ера Замяталіна падручніках гісторыі Беларусі няма нават згадкі пра масавыя савецкія рэпрэсіі, а панаваны тады дзяржаўны лад больш не называецца таталітарызмам.

Новыя беларускія падручнікі гісторыі цалкам угрунтаваныя на савецкіх вэрсіях. Таму ўдзельнікі канфэрэнцыі і наважаныя паказваць грамадзтву гісторыю, якой няма ў падручніках. Хоць рабіць гэта незалежным гісторыкам становіцца ўсё цяжэй. Вось што паведаміла нашаму радыё адна з арганізатараў праекту Ніна Стужынская:

(Стужынская: ) "Колькі гераічных старонак у жыцьці Беларусі, рамантыкі, абсалютна невядомай шырокаму колу грамадзтва. І мы вырашылі: "Шлях змаганьня" – наша новая праграма – гэта шлях змаганьня Беларусі, змаганьня за дзяржаўнасьць, за самастойнасьць.

Галоўная мэта гэтай праграмы, па-першае, набыткі навукі, якія невядомыя, сакрэтнай гісторыі, якая была абсалютна непатрэбная той дзяржаве. Больш за тое, была небясьпечнаю.

Вось гэтую небясьпечную гісторыю для фюрэраў новага кшталту мы і дасталі. Прадставім яе ў дакладах, у розных выданьнях і стэндах. Тут шмат зьмястоўных дакумэнтаў і фатаздымкаў. Фатаздымкі – гэта твары нашых герояў, нацыянальных герояў Беларусі, якія змагаліся з бальшавізмам, змагаліся са сталінізмам, за незалежнасьць. Вось гэта мы сёньня прадставім.

Мы маем на мэце вандраваць па Беларусі з гэтай выставай".

Канфэрэнцыя толькі распачынае гэты праект. Ён разьлічаны на ўвесь наступны год. У часе працы над ім мяркуецца напоўніць гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя рэальнымі фактамі жыцьця людзей.

XS
SM
MD
LG