Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіла папярэднія зьвесткі аб колькасьці і асноўных характарыстыках насельніцтва Рэспублікі Беларусь паводле перапісу 1999 году. У нашай праграме вынікі перапісу камэнтуюць Лявон Баршчэўскі і Валеры Карбалевіч.

Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіла папярэднія зьвесткі аб колькасьці і асноўных сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках насельніцтва Рэспублікі Беларусь паводле дадзеных перапісу 1999 году. На 16-га лютага ў Беларусі жылі 10 мільёнаў 45 тысячаў чалавек. У пэрыяд паміж перапісамі 1989 году і 1999 году адбылося абсалютнае зьмяншэньне колькасьці насельніцтва на 107 тысячаў чалавек. 81 працэнт чалавек назвалі сябе беларусамі. У той час як у 1989 годзе – каля 78 працэнтаў насельнікаў Беларусі называлі сябе беларусамі. Паводле перапісу, у Беларусі 11 працэнтаў расейцаў. На Беларускай мове звычайна размаўляюць дома 37 працэнтаў насельніцтва. Зь іх 92 працэнты – беларусы. Гэтыя лічбы абвяргаюць папулярныя выказваньні пра тое, што беларусы забыліся на родную мову.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да філёляга Лявона Баршчэўскага

(Баршчэўскі: ) "Я хачу сказаць, што гэтыя лічбы ня сталі для мяне нечаканымі. Проста было пытаньне сапраўднасьці гэтых лічбаў, бо гэты перапіс праводзіўся ў прынцыпе палітычна ангажаванымі людзьмі.

Адзін з выкладчыкаў нашага Гуманітарнага ліцэя расказваў мне, што калі да яго прыйшлі перапісьнікі, то адразу сказалі: "У Вас же дома, конечно, говорят по-русски". І адразу паставілі крыжык. Прыйшлося ліквідоўваць і перапісваць цэлы блянк". Бо гэта ж было прыдумана людзьмі, якія хацелі даказаць адваротнае. Мы памятаем, што шаноўны былы прэзыдэнт гаварыў, што тут 80 працэнтаў рускіх у Беларусі. Дапускаў такія фразы.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя неспрыяльныя інструкцыі, народ, у прынцыпе, паказаў, што ён народ. І адрозьнівае сябе ад другіх народаў. Гэта ёсьць аснова грамадзянскай нацыянальнай самасьвядомасьці. Задача інтэлігенцыі нацыянальнай – гэта якраз зьвязаць гэтую сьвядомасьць побытавую з сымбалічнай сьвядомасьцю. На сымбалі беларускасьці, якія яшчэ адсутнічаюць у сьвядомасьці гэтай вялікай колькасьці пашпартных беларусаў.

Тое, што вырасла колькасьць беларусаў, - гэта яшчэ й сьведчаньне й таго ўплыву, які зрабіла абвяшчэньне незалежнай дзяржавы. Людзі ўсьвядомілі, што яны жывуць у дзяржаве Беларусь, і гэта – адпор так званым «заединщикам».

У часе ратыфікацыі так званай дамовы так званым Нацыянальным сходам небезьвядомы Ігнацішчаў імкнуўся даказаць, што ў нас адна нацыя аб'ядноўваецца. Гэта ім добры адказ. З другога боку хачу засьведчыць, што калі 3 мільёны 660 тысячаў, прыкладна, аб'явілі, што яны дома гавораць па-беларуску, то я думаю, што 3 мільёны 660 тысячаў заслужылі права мець Нацыянальны ўнівэрсытэт. Хаця б адзін. І гэтае пытаньне непазьлежна паўстае, і яно рана ці позна будзе вырашана".

(Караткевіч: ) "Спадар Лявон, мы гаворым, што 37 працэнтаў чалавек дома размаўляюць па-беларуску. Яны пра гэта заявілі пад час перапісу. Плюс гэта могуць быць людзі, каторыя ўмеюць гаварыць, але з розных прычынаў не гавораць па-беларуску – ня маюць беларускамоўнага асяродку ў сям'і ці яшчэ дзе. Плюс людзі, якія ўсё па-беларуску разумеюць. На Вашую думку, якая ўсё-ткі колькасьць носьбітаў беларускай мовы?"

(Баршчэўскі: ) "Я хачу сказаць – зьвярніце ўвагу на лічбу, што больш 80-ці працэнтаў прызналі мову беларускую за родную мову. Гэта значыць, яны ставяцца да яе станоўча. Яны могуць наракаць, што яны яе не вывучылі з тых ці іншых прычынаў, што яны яе кепска ведаюць, дома гавораць, можа, і па-расейску. Але яны ў прынцыпе гатовыя да таго, што ў будучыні не яны, дык іхныя дзеці вернуцца да гэтай мовы. Гэта вельмі добры паказьнік. А да таго, як рэальная сытуацыя складаецца, яна, натуральна, не такая ружовая. Але яна лепшая, чым была ў 1989 году. І гэта ёсьць паказьнік перапісу".

(Караткевіч: ) "Цяпер, відаць, будзе цяжка спэкуляваць тым, што ў Беларусі не гавораць па-беларуску, што беларуская мовы вымірае. Ці будзе больш увагі, калі абмяркоўваюцца пытаньні правоў чалавека, надавацца беларускай мове і яе статусу ў Беларусі?

(Баршчэўскі: ) "Я хачу адказаць, што гэта задача ўсёй беларускай інтэлігенцыі, каб гэтыя вынікі прагучэлі на ўвесь сьвет. Каб іх паўсюль падкрэсьлівалі, каб гэтыя догмы, якія распаўсюджаныя сярод шмат каго і нават прыхільных да нас людзей, каб яны разьвейваліся".

Што тычыцца дэмаграфічнай сытуацыі, то ў Беларусі працягваецца старэньне насельніцтва. Пятая частка насельніцтва – асобы старэйшыя за працаздольны ўзрост. Паводле клясыфікацыі ААН насельніцтва лічыцца старым, калі доля асобаў ва ўзросьце старэй за 65 гадоў складае 7 адсоткаў. Паводле дадзеных перапісу 1999 году – у Беларусі такіх асобаў 13 працэнтаў.

Папярэднія вынікі камэнтаруе наш палітычны аналітык Валеры Карбалевіч

(Карбалевіч: ) "Ну, сапраўды, карціна здаецца такой вельмі стракатай. Тое, што насельніцтва Беларусі зьмяншаецца, што тэндэнцыя да старэньня, – у гэтым нічога страшнага няма. Гэта нармалёвая сытуацыя для Эўропы. У большасьці краінаў Эўропы таксама зьмяншаецца колькасьць насельніцтва. Існуе ў Эўрапейскіх краінах і тэндэнцыя да старэньня. У гэтым сэнсе мы зьяўляемся не краінай трэцяга сьвету, мы ёсьць эўрапейскаю краінай. І няхай гэта нас асабліва не пужае. Хаця трэба сказаць, што ўсе гэтыя падзеі і трансфармацыі адбіліся на стане дэмаграфіі краіны".

(Караткевіч: ) "Паводле вынікаў перапісу, у пэрыяд з 1989 да 1999 у 5 разоў зьменшыўся паказьнік перасяленьня сельскага насельніцтва ў гарады…"

(Карбалевіч: ) "Перш за ўсё зьменшыліся тэмпы ўрбанізацыі. За 10 апошніх гадоў пераўзыходжаньне гарадзкога насельніцтва над сельскім павялічылася на 4 працэнты. Гэта азначае, што індустрыяльная рэвалюцыя ў краіне закончылася.

Мы памятаем, што недзе ў 60-я – 70-я гады па тэмпах урбанізацыі Беларусь займала амаль што першае месца ў Эўропе. Цяпер гэтыя тэмпы вельмі зьменшаныя. Індустрыяльная рэвалюцыя ў Беларусі закончылася, а вось пераход да постіндустрыяльнаму этапу запаволіўся, затармазіўся, і адбылася нейкая грамадзкая кансэрвацыя. Грамадзтва ў гэтым сэнсе застыла.

Далей. Сапраўды, тэндэнцыя да старэньня. На 42 працэнты зьменшылася доля дзяцей ва ўзросьце да 4-х гадоў. А ва ўзросьце ад 5-ці да 9-ці гэтая доля зьменшылася на 17 працэнтаў. Але тая доля людзей, узрост якіх 60-64 гады – 37 працэнтаў. А людзей, каму больш за 70 гадоў, за гэты час павялічылася на 21 працэнт. Гэта сапраўды даволі значная сытуацыя.

І тут, мабыць, прычынаў некалькі. Гэта і нейкія пэрыяды, якія пачаліся яшчэ з ІІ-й усясьветнай вайны. Я думаю, што значны ўплыў аказала сацыяльна-эканамічнае і экалягічнае становішча. Асабліва Чарнобыльская катастрофа. Што датычыць нацыянальнага складу, то можна адзначыць, што зьменшылася колькасьць прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў. І ў абсалютным і ў адносным сэнсах апроч беларусаў. Колькасьць беларусаў павялічылася на 3 працэнты. Гэты факт вельмі станоўчы. Гэта значыць, што бальшыня насельніцтва разумее: мы беларусы, мы ня рускія. Тутэйшыя. І ў гэтым сэнсе й існаваньне БССР, незалежнай Рэспублікі Беларусь не прайшлі дарэмна".

(Караткевіч: ) "Сярод занятых маюць вышэйшую і сярэднюю базавую адукацыю 96 працэнтаў супраць 90 працэнтаў у 1989 годзе. Лічбы даволі аптымістычныя. Ваш камэнтар. І яшчэ пытаньне адносна эканомікі. Агульнавядомая складаная сытуацыя ў эканоміцы, а вось вынікі перапісу гавораць, што ўзровень адукацыі насельніцтва, занятага ў эканоміцы, вышэйшы за ўзровень усяго насельніцтва… З чым гэта зьвязана?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што той патэнцыял, які Беларусь назапасіла яшчэ ў часы да пачатку гэтых рэформаў, 10 гадоў назад, гэты патэнцыял дае свае вынікі. Калі паглядзець на статыстыку – 36 працэнтаў з усяго насельніцтва маюць вышэйшую і сярэдне-спэцыяльную адукацыю. Але калі паглядзець толькі на занятае насельніцтва, такіх людзей у нас каля 50 працэнтаў. І гэта вельмі многа. У гэтым сэнсе Беларусь вельмі моцна адрозьніваецца ад краінаў "трэцяга сьвету". Такой высокай колькасьці людзей з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй нідзе ў краінах трэцяга сьвету няма".

(Караткевіч: ) "Можа, у Вас ёсьць што сказаць адносна крыніцаў існаваньня. 80 працэнтаў жыхароў Беларусі заявілі, што яны маюць адну крыніцу існаваньня. Што характарызые гэты факт?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што тут адбылася нейкая статыстычная памылка. Тут беларусы проста пад час перапісу не хацелі казаць аб тым, што яны недзе працуюць і "чаўнакамі", возяць нейкі тавар у Польшчу альбо ў Расею. На ўсялякі выпадак. Таму нельга да гэтай лічбы сур'ёзна ставіцца.

Калі б 80 працэнтаў нашых суграмадзянаў мелі толькі адну крыніцу даходаў, а якія зараз даходы, асабліва ў дзяржаўным сэктары, я ня ведаю, як бы гэта насельніцтва выжыла. Ці такая лічба. Толькі 10 працэнтаў атрымліваюць даход ад лецішчаў ці гародчыкаў. Нават афіцыйная статыстыка гаворыць, што 50 працэнтаў гараджан маюць лецішчы. Тут насельніцтва па нейкіх прычынах не хацела казаць праўды. У гэтую лічбу цяжка паверыць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG