Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч паведаміў, што ўсталяваньне рынкавага абменнага курсу наяўных валютаў зьяўляецца толькі першай часткаю новае канцэпцыі грашова-крэдытнае палітыкі. Пракаповіч спадзяецца, што праект ягонага "эканамічнага цуду" будзе пасьпяховым.

Пётар Пракаповіч паведаміў сёньня пад час прэсавае канфэрэнцыі, што ягоная канцэпцыя грашова-крэдытнае палітыкі падзяляецца на два этапы: перанакіраваньне валютных плыняў у лягальнае рэчышча, з наступнай ліквідацыяй мноства абменных курсаў, і назапашваньне залатавалютных рэзэрваў дзеля ўраўнаважаньня рублёвае масы.

Паводле словаў Пракаповіча, цяпер пачаўся першы этап, які павінен лібэралізаваць валютны рынак Беларусі. Лібэралізацыю курсу наяўнае валюты Нацыянальны банк вырашыў правесьці напрыканцы году таму, што напярэдадні сьвятаў людзі трацяць значна больш грошай.

Пётар Пракаповіч гаворыць, што ўвядзеньне рынкавага курсу валютаў у банках ідзе пасьпяхова. Маўляў людзям стала значна зручней прадаваць і купляць тыя ж даляры ў абменьніках, а не йсьці да валютчыкаў, якія часта збывалі фальшывыя купюры. У Берасьцейскай вобласьці, паводле словаў старшыні Нацбанку, за апошнія тры дні аб'ём продажу валюты насельніцтву павялічыўся ў 60-70 разоў.

Лібэралізацыя рынку валюты стала магчымай таму, што Нацыянальнаму банку ўдалася зьменшыць масу наяўных рублёў. Пракаповіч сьцьвярджае, што толькі ў лістападзе рублёвая маса скарацілася больш чым на 3 трыльёны, а эмісія склала 4,8 адсоткі, у той час як у папярэднія месяцы яна была на ўзроўні 10 адсоткаў і вышэй.

Адмяніў Нацбанк і сваю пастанову, паводле якое банкі павінны былі прадаваць дзяржаве амаль усю валютную выручку.

Усе гэтыя меры, паводле словаў Пракаповіча, і далі магчымасьць лібэралізаваць рынак валюты, чаму простыя людзі вельмі радыя.

Ці сапраўды гэта так, я вырашыў пацікавіцца ў мінакоў на менскіх вуліцах. Як ня дзіўна, але многія менчукі паставіліся да гэтага кроку ўладаў неадназначна…

Гаворыць 17-ці гадовы Андрэй: "Цяпер можна купляць валюту ў банках і ня трэба йсьці да валютчыкаў. Менш будзе трапляцца фальшывае валюты грамадзянам. Навогул, слушна зрабілі, і ў дзяржавы цяпер будзе валюта, і ў банкаў".

А вось думка 22-гадовае студэнткі Натальлі: "Я стаўлюся станоўча. Лічу, што й грошы з чорнага рынку пойдуць у абарот, ды й людзям ня трэба будзе шукаць, дзе і як памянаць валюту". Праўда, сама Наташа свае даляры прадае не банкам і не валютчакам, а сябрам і знаёмым.

У прадпрыймальніка Ўладзімера лібэралізацыя абменнага курсу асаблівае радасьці ня выклікала. Ён навогул ня верыць дзяржаве: "Адмоўна. Што б яны ні рабілі, да ўсяго стаўлюся адмоўна. Дзяржаве ня веру".

Хатняя гаспадыня Ірына паведаміла нашаму радыё: "Натуральна, мне было б лепш і зручней набываць валюту ў банку – гэта больш надзейна і не дае падставы да супрацьпраўных дзеяньняў. Але такі курс даляру, які йснуе цяпер, вядзе да падвышэньня цэнаў – гэта ўжо крыш эканомікі".

Тым часам Пётар Пракаповіч упэўнены, што ў першым квартале наступнага году Нацыянальны банк ліквідуе мноства курсаў і нарэшце ўсталюецца адзіны сапраўдны курс.

Праўда, сур'ёзна сапсаваць намеры можа ільготнае крэдытаваньне будаўніцтва жытла і АПК, але старшыня Нацыянальнага банку паведаміў нашаму радыё, што на цяперашні момант трохі грошай пад гэтыя праекты ў дзяржавы ёсьць, а як будзе далей Пракаповіч ня ведае.

XS
SM
MD
LG