Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір заўтра)
Cправа аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі падоўжаная яшчэ на два месяцы. На працэсе над Васілём Лявонавым апытваліся сьведкі з боку абвінавачанага. Дэпутат Андрэй Клімаў, якога зьбілі ў сьледчым ізалятары ў панядзелак, дагэтуль скардзіцца на боль у галаве.

Сьледчая гарадзкой пракуратуры Сьвятлана Байкова паведаміла ў пятніцу, што яшчэ на два месяцы падоўжыла справу аб зьнікненьні былога міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі. 17 сьнежня скончыўся мінулы тэрмін, і можна было прыпыніць справу з прычыны адсутнасьці вынікаў, але сьледчая адклала гэтае рашэньне яшчэ на два тыдні.

"На мяне ніхто не націскаў, я дзейнічала паводле ўласнай ініцыятывы", – патлумачыла Сьвятлана Байкова, адначасова прызнаўшы, што анічога прынцыпова новага за мінулыя два месяцы расьледваньня даведацца не ўдалося.

На пытаньне, што сабою зараз уяўляюць сьледчыя дзеяньні, спадарыня Байкова патлумачыла: "Яшчэ дасылаюцца запыты, апытваюцца некаторыя асобы, якія маглі б нешта ведаць пра лёс Захаранкі".

Яна абвергла меркаваньне, што справа падоўжаная таму, каб не падалося, быццам сьледчыя пагадзіліся зь меркаваньнем Тамары Віньнікавай, якая лічыць , што Захаранкі ўжо няма сярод жывых. "Мы спадзяемся на больш аптымістычны вынік", – сказала Сьвятлана Байкова.

Слуханьні ў справе экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава на мінулым тыдні праводзіліся толькі ў панядзелак і ў пятніцу.

У пятніцу суд заслухаў паказаньні адразу пяці сьведкаў з боку абароны – вольных будаўнікоў катэджу Лявонавых, якія сьведчылі, што іх наймалі на працу сваякі міністра й расплочваліся наяўнымі грашыма. Гэтыя паказаньні відавочна супярэчылі вэрсіі сьледзтва, згодна зь якою катэдж экс-міністру пабудавалі супрацоўнікі фірмы "Руст", якая быццам бы аддзячыла Лявонаву за дапамогу.

Аднак, наколькі гэтыя паказаньні зацікавілі судзьдзяў?

Абаронца Лявонава Сьвятлана Ўласава кажа: "Каб заслухаць паказаньні гэтых пяці сьведкаў, хапіла гадзіны. Пытаньняў сьведкам судзьдзі амаль не задавалі". "Узгадваю, што паказаньнямі сьведкаў, якіх прадставіла абвінавачваньне, судзьдзі цікавіліся куды больш", – заўважае Сьвятлана Ўласава.

Як вядома, працэс над дэпутатам Андрэям Клімавым на гэтым тыдні не праходзіў з тае прычыны, што ў панядзелак Клімаў быў зьбіты ахоўнікамі ізалятару на вуліцы Валадарскага, якія спрабавалі прымусам адвезьці яго ў суд.

Прызначана судова-мэдычная экспэртыза Клімава, які сьцьвярджае, што яго білі па руках, жываце, сьпіне й галаве.

Нягледзячы на гэтыя заявы, дэпутат ня быў шпіталізаваны, турэмныя лекары прапісалі яму толькі "ложкавы" рэжым у камэры. Між тым маці дэпутата Ала Клімава кажа, што ён дагэтуль скардзіцца на моцны боль галавы.

Дэпутат Уладзімер Кудзінаў даслаў дадому ліст, у якім згадвае нядаўнюю сустрэчу з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, якія адмыслова наведалі яго ў турме. Для вязьня гэта, сапраўды, была падзея зь ліку тых, што дапамагаюць пераадольваць маральныя пакуты. Зоя Кудзінава распавядае:

(Кудзінава: ) "Валодзя піша, што яны размаўлялі недзе гадзіны дзьве, яны ведалі трошкі справу, размаўлялі па тых пытаньнях, якія ім былі трошку незразумелыя, тлумачыў ім усё, яны ўсё запісалі. Але ж канкрэтна нічога не паабяцалі, сказалі, што будзем вывучаць справу і патрабаваць ад уладаў…"

Што тычыцца таго, як з Кудзінавым абыходзяцца цяпер у турме, жонка дэпутата адзначае:

(Кудзінава: ) "Калі спачатку ў яго былі пастаянныя канфлікты з адміністрацыяй, яго пастаянна там перасьледавалі, то зараз яго пакінулі ў спакоі, але за ім рэгулярна сочаць".

Для мяне не было навіной тое, што за Кудзінавым у менскай калёніі на вуліцы Кальварыйскай усталяванае татальнае сачэньне. Але, аказваецца, гэтага падалося мала – Кудзінава спрабуюць фактычна ізаляваць ад людзей, і за кратамі робяць зь яго ізгоя. Вось што распавёў вязень, які нядаўна вызваліўся з турмы. Зоя Кудзінава кажа:

(Кудзінава: ) "Ён расказваў, што сам начальнік турмы Бахур сказаў яму, што, маўляў, ты ж глядзі, калі будзеш сустракацца і размаўляць з Кудзінавым, то выйдзеш па званку, раней ні на дзень не адпушчу.
І ня толькі гэтаму мужчыну. Хлопец адзін звольніўся, заяжджаў, расказаў, што яго пастаянна перасьледвалі за тое, што я сустракаўся і размаўляў з Кудзінавым. І калі Кудзінава пасадзілі ў карцэр, яны яго сутракалі. За гэта пасьля ўсіх, хто сустракаў Кудзінава, неяк пакаралі. Вакум вакол яго хочуць стварыць".

Гэтак лічыць жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава, які трэці год знаходзіцца ў менскай калёніі.

XS
SM
MD
LG