Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У панядзелак, 20 сьнежня, пройдуць суды над лідэрамі й актывістамі дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, затрыманымі ўчора ля прахадной Менскага аўтамабільнага заводу.

Для старшыні Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў Беларусі Міхала Марыніча сёньняшні дзень распачаўся з наведаньня лякарні. Як мы паведамлялі ўчора, пад час арышту ля прахадной МАЗу міліцыянты нанесьлі яму сур'ёзную траўму рукі.

Мэдыкі канстатавалі фізычныя пашкоджаньні тканак і крывяных жылаў. Таму на руку наклалі шыну й гіпс. З гэтае прычыны спадару Марынічу ўдалося ўчора пазьбегнуць міліцэйскай апекі ўжо неўзабаве пасьля складаньня пратаколу.

Позна ўвечары высьветліўся лёс астатніх шасьці затрыманых прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў. Пасьля трохгадзіннага знаходжаньня ў Заводзкім РАУС Менску іх адвезьлі ў суд гэтага ж раёну.

Таксама высьветліліся й прозьвішчы ўсіх ахвяраў супольнай акцыі міліцыі і адміністрацыі аўтамабільнага заводу. Учора мы называлі імёны віцэ-прэзыдэнта Беларускага незалежнага прафэсійнага зьвязу Мікалая Зіміна, актывіста Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў пэнсіянэра Віктара Трошчава й намесьніка лідэра Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗа Зьміцера Пліса. Пазьней стала вядома, што група захопу арыштавала таксама трох шэраговых сяброў прафзьвязовай арганізацыі аўтазаводу – Сьцяпана Паўловіча, Мікалая Раманава і Ўладзімера Казьякова.

Нягледзячы на тое, што было блізу 20-ці гадзінаў вечару, усіх шасьцёх было вырашана судзіць. Відавочна, для гэтага аднаму з судзьдзяў адмыслова быў падоўжаны працоўны дзень.

Празь некаторы час пяці затрыманым судовы разгляд быў перанесены на 20 сьнежня, а справу Зьміцера Пліса вырашана было разгледзець, не зважаючы на позьні час. Вось што распавёў пра гэта нашаму радыё сам спадар Пліс:

(Пліс: ) "Судзьдзя папрасіла прадстаўнікоў міліцыі выйсьці з памяшканьня, зачытала мае правы, абавязкі ў судзе і пачаўся працэс. Я папрасіў судзьдзю азнаёміцца са сваёй справаю, але мне яе ў рукі не далі. Судзьдзя зачытала толькі пратакол, складзены ў міліцыі.

У гэтым пратаколе я абвінавачваўся ў тым, што каля прахадной Менскага аўтазаводу склікаў 200 чалавек дзеля ўдзелу ў мітынгу. Паколькі было 20 гадзінаў, а суд, як вядома, заканчвае працу а 18-й гадзіне, я папрасіў судзьдзю адзначыць у пратаколе час, у які адбываўся суд".

Паведаміў Зьміцер Пліс.

Паводле ягоных словаў, ён з прычыны позьняга часу запатрабаваў пераносу суду. Пасьля некаторых ваганьняў яго пажаданьне было задаволена, й працэс перанесьлі на 20 сьнежня.

Пракамэнтаваць падзеі, зьвязаныя зь перасьледам прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, я папрасіў лідэра Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктара Бабаеда:

(Бабаед: ) "Справа ў тым, што чыноўнікі на МАЗе і ў мясцовай уладзе спрабуюць зьнішчыць усе пярвічныя арганізацыі СП МАЗа. Барацьба цягнецца амаль 4 месяцы, зь 1 ліпеня, і, як я лічу, падыходзіць да завяршальнай фазы. Сытуацыя вельмі накалілася на гэтым прадпрыемстве, і ўчора раніцай там прайшоў стыхійны сход. Гэта ня быў мітынг, гэта быў сход, дзе працоўныя ўступаюць у калектыўную спрэчку з адміністрацыяй. Ад адміністрацыі прадпрыемства нам былі высунутыя патрабаваньні, і ў чатыры гадзіны працоўныя павінны былі сабрацца, каб атрымаць адказ ад дырэктара, галоўным чынам, чаму апячатанае памяшканьне прафсаюзаў".

Аднак, як зазначыў далей Віктар Бабаед, замест адказу ад адміністрацыі МАЗу менскай міліцыяй была праведзеная "зачыстка" тэрыторыі ля прахадной прадпрыемства.

XS
SM
MD
LG