Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Ці мае Беларусь дачыненьне да вайны, якая вядзецца цяпер фэдэральнымі расейскімі войскамі ў Чачні?

Чачэнцы гэтымі днямі знаёмяцца зь якасьцямі новае зьнішчальнае зброі – сыстэмы залпавага вагню "Кэнгуру", якую скарыстала расейскае войска. Пра гэта паведаміла газэта "Комсомольская правда". І адразу паўстала пытаньне: а ці не тая самая гэта сыстэма "Кэнгуру", што вырабляецца ў Беларусі?

Раней, год дзесяць таму, была распрацаваная і пачала выкарастоўвацца рэактыўная сыстэма залпавага вагню пад назовам "Град". Кожныя некалькі год яна мадэрнізавалася, але папярэдні назоў захоўваўся, бо аснова "Граду" заставалася адной і той жа – шасі ад грузавога аўтамабіля "Урал".

Год таму ў Менску на базе шасі аўтамабіля МАЗ 6317 падрыхтавалі беларускі варыянт "Граду". І далі яму назоў "Белград", што расшыфроўвалася як "Беларускі Град". Але такі назоў гучаў двухсэнсоўна – нагадваў пра Югаславію… І тады зьявіўся новы назоў – "Кэнгуру".

Пры чым тут аўстралійская жывёліна да беларускае зброі? Уся справа ў тым, што ўстаноўка "Град" зьмяшчае ў сабе толькі адзін камплект баепрыпасаў. А беларускі варыянт дае магчымасьць разьмясьціць адразу тры камплекты. Прычым, тая частка сыстэмы, у якой месьцяцца два дадатковыя камплекты, завецца торбаю. Адсюль і асацыяцыі з кэнгуру.

У Міністэрстве абароны Беларусі катэгарычна адмовіліся размаўляць на ўзгаданую тэму, паколькі, маўляў, новая зброя – ня тая тэма, да якой трэба зьвяртацца журналістам.

Прыйшлося шукаць іншыя крыніцы. Паводле адной зь іх, у Менску на гэты час ужо сабралі 12 установак "Кэнгуру". Праўда, паводле словаў майго суразмоўцы, толькі дзьве машыны прайшлі завадзкое выпрабаваньне. Магчыма, яны й трапілі ў Чачню.

А вось тое, што ў расейскіх вайскоўцаў існуе іншая зброя, якая зробленая з удзелам беларускіх прадпрыемстваў, сумневу няма. Як няма сакрэту з таго, што значная частка оптыкі, якая ўжываецца ў танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспартэрах, зробленая на Менскім оптыка-мэханічным вытоворчым аб'яднаньні. Тут жа вырабляюць і сыстэмы навядзеньня танкавых гарматаў.

Вырабляюць на беларускіх прадпрыемствах і іншую зброю, якую выкарыстоўваюць расейскія войскі ў Чачні. Крыніца, якая заслугоўвае даверу, прывяла мне такі прыклад: у вытворчасьці танкаў Т-72, якімі таксама аснашчаныя войскі, якія ваююць у Чачні, удзельнічаюць каля шасьцісот прадпрыемстваў амаль з усіх краінаў, што ўваходзяць у СНД.

XS
SM
MD
LG