Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Драматычныя падзеі ў Чачні адбываюцца на тле парлямэнцкіх выбараў у Расеі. Газэта "Financial Times" надрукавала ў сёньняшнім нумары артыкул на тэму выбараў пад назвай "Рэфарматары губляюць галасы выбаршчыкаў" ды прадказвае значны посьпех праўрадавага блёку "Мядзьведзь". Агляд гэтай ды некаторых іншых публікацыяў…

Нягледзячы на аптымістычныя заявы лідэраў так званых маладых рэфарматараў – такіх як, напрыклад, Барыс Нямцоў, – Саюз правых сілаў вядзе зараз адчайную барацьбу за тое, каб пераадолець 5-адсоткавы бар'ер на выбарах у Думу, – канстатуе "Financial Times".

Газэта прыводзіць выказваньне Нямцова ў ягонай вотчыне – Ніжнім Ноўгарадзе, дзе ён сустракаецца зараз з выбаршчыкамі, – аб неабходнасьці знайсьці свае памылкі ды выправіць іх напярэдадні галасаваньня. Многія тамтэйшыя выбаршчыкі халаднавата ставяцца да ягоных заклікаў, а ў агульнанацыянальным маштабе захоўваецца негатыўнае стаўленьне да рэфарматараў.

На ліберальных лідэраў, у тым ліку, былога кіраўніка ўраду Ягора Гайдара й былога віцэ-прэм'ера, адказнага за прыватызацыю, Анатоля Чубайса, ускладаецца адказнасьць за мэтады, якімі яны ўводзілі ў Расеі рынкавую эканоміку.

Газэта прыводзіць зьедлівае выказваньне настаўніка фізкі: "у іншых краінах ставяць экспэрымэнты на жывёлах – у Расеі экспэрыментуюць на людзях."

У той самы час заснаваны пры падтрымцы Крамля ўсяго тры месяцы назад блёк "Мядзьведзь" (поўная назва Міжрэгіянальны рух Адзніства) набірае, паводле сацыялягічных апытаньняў, 18 адсоткаў галасоў. Гэта другі паказчык пасьля кампартыі.

Першы ў сьпісе кандыдатаў Адзінства – міністар у справе надзвычайных сытуацыяў Сяргей Шайгу (ён займаецца, дарэчы, праблемай уцекачоў у Чачні й суседняй Інгушэтыі). Далей ідуць шматразовы чэмпіён сьвету ў барацьбе Аляксандар Карэлін і былы сьледчы Леў Гураў. Вяршыні папулярнасьці новая партыя ўлады, як называюць Адзінства, дасягнула ў апошні тыдзень выбарчай кампаніі.

Гэтая папулярнасьць узрасла дзякуючы падтрымцы агрэсіўнай пазыцыі прэм'ера Ўладімера Пуціна ў адносінах Чачні. У пэўным сэнсе, Адзінства можна разглядаць як свайго роду клюб фанаў Пуціна на будучых прэзыдэнцкіх выбарах – піша "Financial Times".
Між іншым, газэта цытуе словы аднаго з палітолягаў: "У Расеі можна й "Мядзведзя" навучыць езьдзіць на ровары, але нельга навучыць урад працаваць эфектыўна".

XS
SM
MD
LG