Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Мінулае начы чачэнцамі ў Грозным была адбітая танкавая атака расейкіх войскаў. У жорсткіх баёх, якія вяліся ў розных раёнах чачэнскае сталіцы, загінулі дзясяткі расейскіх жаўнераў. Спробы афіцыйнае Масквы абвергнуць гэтую інфармацыю тлумачацца выбарамі ў Думу, да якіх засталося ўсяго два дні. Між тым, міжнародныя агенцтвы ды заходні друк зьмяшчаюць усё новыя зьвесткі пра абставіны няўдалага штурму.

"Цэнтральныя вуліцы Грознага былі заваленыя трупамі маладых расейскіх жаўнераў пасьля таго, як калёны танкаў ды БМП зьнянацку ўварваліся ў сталіцу Чачні з боку захопленага раней аэрапорту Ханкала". З такога апісаньня пачынаецца артыкул у сёньняшнім нумары брытанскай газэты "The Huardian".

Газэта прыводзіць сьведчаньні карэспрандэнткі Reuter, якая на свае вочы бачыла трупы забітых расейцаў, пасьля таго, як агнём з процітанкавай зброі паўстанцы спынілі калёну з 15 машынаў.

Карэспандэнтка агенцтва Reuter таксама паведаміла, што ў раёне стратэгічнага пляцу Мінутка на паўднёвым усходзе Грознага расейцы страцілі прынамсі 100 чалавек ды некалькі дзясяткаў танкаў і БМП.

Карэспандэнт агентцва Associated Press перадаў зь мейсца падзеяў, што практычна ўсе расейкія танкі ды БМП, якія ўдзельнічалі ў наступе ў раёне Мінуткі, былі падбітыя. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў адзін з чачэнскіх лідэраў Ханзат Гілаеў.

Са свайго боку, расейкія афіцыйныя асобы сёньня катэгарычна аспрэчваюць інфармацыю Reuter. Міністар абароны Расеі маршал Сяргееў заявіў агенцтву Интерфакс, што федэральныя сілы "не штурмавалі й ня будуць штурмаваць Грознага". Ён назваў паведамленьне пра штурм правакацыяй і абяцаў высьветліць, хто яе распаўсюдзіў.

Між тым, расейскае агентцва вайсковых навінаў (АВН) паведаміла са спасылкай на крыніцу ў штабе федэральных сілаў, што ў раёне пляцу Мінутка загінулі 50 расейскіх вайскоўцаў.

Міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, у тым ліку Reuter, прыводзяць новыя сьведчаньні, якія тычацца баёў у іншых раёнах Грознага мінулае начы, у прыватнасьці, ў раёне Чарнарэчнае на паўднёвым захадзе сталіцы.

Моцныя баі адбываліся ўначы ў раёне вуліцы Мічурына. Паўстанцы абстралялі тут расейскую панцырную калёну з аўтаматычнае зброі ды з гранатамётаў. Сутыкненьні скончыліся а 23 гадзіне мяйсцовага часу. Пазьней расейцы абстралялі горад з установак "Град". Расейская авіяцыя ды артылерыя бамбавалі Грозны цягам апошніх трох месяцаў.

Пакуль няма зьвестак пра страты сярод абаронцаў Грознага, але, як піша газэта "The Huardian", гэтая была першая сур'ёзная параза расейскіх войскаў у часе цяперашняй чачэнскай кампаніі, якая прымушае ўспомніць ганебнае для Расеі сканчэньне мінулае вайны ў Чачні.

Можна нагадаць, што штурм Грознага пад кіраўніцтвам Паўла Грачова напярэдадні новага, 1995 году, каштаваў тады некалькіх тысячаў жыцьцяў расейскіх жаўнераў ды афіцэраў.

Між тым, усяго за некалькі гадзінаў да цяперашняга наступу расейскія вайскаводы заяўлялі, што штурм Гознага не адбудзецца, пакуль места не пакінуць мірныя жыхары. Паводле розных ацэнак, у Грозным па-ранейшаму застаюцца 40-45 тысячаў мірных насельнікаў.

Танкавая атака разьбіла пэрспэктывы на мірныя перамовы, хаця яшчэ ў сераду прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў выказаўся за перамовы. Адначасова расейскі міністар у справе надзвычайных сытуацыяў Сяргей Шайгу, прызначаны адказным за эвакуацыію мірнага насельніцтва з Грознага, таксама заявіў у Маскве пра неабходнасьць перамоваў.

Агенцтва Reuter, камэнтуючы апошнія падзеі, піша, што цяперашняя вайна ў Чачні, у адрозьненьне ад папярэдняй, больш папулярная сярод большасьці насельніцтва ды спрыяе рэйтынгу прэм'ер-міністра Пуціна, а таксама праўрадавага блёку Адзінства, які ўдзельнічае ў выбарах у Думу.

XS
SM
MD
LG