Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Усясьветны банк прызначыў новага рэгіянальнага дырэктара – Люка Барбанэ, які будзе куратарам узаемадачыненьняў зь Беларусьсю. Яго першы візыт у Менск адбудзецца пасьля Новага году. Пра цяперашні стан двухбаковых стасункаў гаварылася сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў беларускім прадстаўніцтве гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік сказаў, што спадара Барбанэ чакае знаёмства з унікальнай краінаю. Гэтая ўнікальнасьць у тым, што Беларусь крочыць шляхам, які паўтарае памылкі іншых дзяржаваў. Менск зь цяжкасьцю засвойвае адмоўныя ўрокі міжнароднага эканамічнага досьведу. Спроба Ўсясьветнага банку дапамагчы Беларусі ў рынкавым будаўніцтве пакуль не знаходзіць разуменьня.

Усясьветны банк, як вядома, спэцыялізуецца на аказаньні фінансавае дапамогі краінам, што ажыцьцяўляюць структурныя рэформы ў эканоміцы. Беларусі, аднак, чакаць гэтае дапамогі наўрад ці варта. Камэнтуючы для нашага радыё становішча са структурнымі пераўтварэньнямі ў краіне, Сяргей Кулік назваў яго нездавальняючым.

"Ва Ўсясьветным банку ацэнка адназначная. Мы надзвычай не задаволеныя станам цяперашніх структурных зьменаў у Беларусі. Дзяржава тут па-ранейшаму бярэ на сябе шкодныя функцыі ў справе пераразьмеркаваньня валавога нутранага прадукту. Можна прывесьці цэлы шэраг прынятых апошнім часам заканадаўчых актаў, якія фактычна пашыраюць магчымасьці дзяржавы ўмешвацца ў эканамічную дзейнасьць", – сказаў Сяргей Кулік.

Такім чынам, паводле высноваў Усясьветнага банку, эканамічная палітыка каманды Аляксандра Лукашэнкі шмат у чым не адпавядае цывілізаваным стандартам. У прыватнасьці, Усясьветны банк лічыць шкодным нядаўні дэкрэт Лукашэнкі "Аб некаторых захадах у пакрыцьці ўрону, нанесенага дзяржаве". Сяргей Кулік мяркуе, што ён не садзейнічае фармаваньню ў Беларусі інвэстыцыйнага клімату, бо пазасудовая канфіскацыя маёмасьці, прадугледжаная дэкрэтам, можа закрануць і замежныя фірмы.

Нэгатыўную рэакцыю прадстаўніка Ўсясьветнага банку выклікаў і агучаны ўчора намер беларускіх уладаў абмежаваць дзейнасьць у Беларусі пасярэднікаў. Пасярэднік—гэта элемэнт рынкавай эканомікі, падкрэсьліў спадар Кулік. У Злучаных Штатах, напрыклад, аўтамабілі прадаюцца толькі з дапамогаю пасярэднікаў. Калі ж у Беларусі будзе ажыцьцёўленая ідэя зрабіць пасярэдніка прыдаткам дзяржаўнага мэханізму, то гэта спрычыніцца да эканамічных дыспрапорцыяў.

Прагучэла таксама думка, што пляны ліквідацыі пасярэднікаў выклічуць нэгатыўныя працэсы ў вытворчасьці, зьвязаныя з ростам затаваранасьці прадпрыемстваў.

XS
SM
MD
LG