Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

"Я ўпэўненая, што Генадзя Карпенку забілі. Усе падзеі, якія адбываліся да сьмерці Генадзя й пасьля, пераконваюць мяне ў гэтым", – заявіла нашаму карэспандэнту Людміла Карпенка. Сёньня ў Менску прайшла канфэрэнцыя "Генадзь Карпенка – дарога ў будучыню".

"Генадзь Карпенка адстойваў прынцыпы, адкрыта абараняў правы людзей і сьмела прымаў на сябе выклікі", – гэтымі словамі кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік адкрыў сёньняшнюю канфэрэнцыю.

Падзея адбывалася ў менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, у якім, нагадаем, зараз месьціцца штаб-кватэра місіі АБСЭ. Канфэрэнцыя – адна зь першых імпрэзаў Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня імя Карпенкі, якое было створанае неўзабаве пасьля сьмерці вядомага палітыка й грамадзскага дзеяча.

Дарэчы, спадар Вік у сваім уступным слове паведаміў, што місія АБСЭ гатовая выступіць сузаснавальнікам дабрачыннага фонду ймя Карпенкі. "Ягонае стварэньне дае сыгнал, што ў Беларусі ёсьць адказныя людзі, што тут існуе ня толькі таталітарны рэжым, але й супрацьстаяньне яму", – адзначыў дыплямат.

І сапраўды, на канфэрэнцыі амаль не гучала матываў жалобы й смутку, панаваў спраўны й спакойны настрой. Удзельнікі распавядалі пра пляны грамадзкага аб'яданьня ў самых розных сфэрах – дабрачыннасьці, палітыцы, мас-мэдыя, культуры, спорце.

Аднак раптоўная сьмерць Генадзя Карпенкі 6 красавіка дасюль застаецца змрочнай загадкаю для беларускай грамадзкасьці і крыніцаю самай супярэчлівай інфармацыі. Новую хвалю чутак і розных вэрсіяў вакол гэтай тэмы спарадзіла інтэрвію Тамары Віньнікавай, якая выказала сваю ўпэўненасьць у тым, што Карпенку забілі. Я зьвярнуўся да жонкі Генадзя Карпенкі Людмілы з пытаньнем, якую яна мае інфармацыю наконт сьмерці Карпенкі.

(Карпенка: ) "Так, да мяне выходзілі людзі й гаварылі, што ён сапраўды быў забіты. Мяне проста папярэджвалі, каб я не гаварыла пра гэта. Я не называю іх імёнаў, але мне нават называлі прозьвішча тых, хто забіў.

Я сама ў гэтым упэўненая, бо ўсе падзеі, якія адбываліся да сьмерці Генадзя і пасьля, пераконваюць мяне ў гэтым. Да гэтага было некалькі спробаў яго забіць. Гэта й страляніна па машыне, у якой ён мусіў ехаць, гэта й спроба падмяніць лекі, калі ён ляжаў у шпіталі.

Было й замоўлена ягонае забойства. Генадзь дакладна гэта ведаў, называў нават мне прозьвішча таго, хто павінен быў гэта выканаць. Але калі гэта было ўскрыта, тады ў іх анічога не выйшла.

Але з гадамі мэтады вычварэнства мяняліся. Калі раней я баялася проста фізычнага зьнішчэньня Генадзя, баялася пад'езду, аўтамабільнае катастрофы, то цяпер яны згулялі на ягонае хваробе, і я ўпэўнена, гэта проста зьнішчэньне такім вычварным чынам".

Людміла Карпенка паведаміла, што многія людзі з уладных структураў зараз баяцца прызнавацца ў сваіх добрых стасунках з Генадзям. Вось і на канфэрэнцыю не прыйшоў ніхто з афіцыйнай улады.

"Само прозьвішча Карпенкі многіх палохае", – з сумам тлумачыць жонка Генадзя Дзьмітрыевіча. Але, – сьцьвярджае Людміла Карпенка, – сёньняшняя канфэрэнцыя ўдалася. Мы заявілі пра сябе, свае праграмы й намеры, і самае галоўнае – нас слухалі. У бліжэйшых плянах арганізацыі – выпусьціць кнігу "Генадзь Карпенка: сьмерць на ўзьлёце".

XS
SM
MD
LG