Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менску а 16-й гадзіне была арыштаваная група актывістаў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў. Затрыманьне адбылося ля прахадной Менскага аўтазаводу. Яно сталася наступствам канфлікту паміж адміністрацыяй і Свабодным прафэсійным зьвязам МАЗу.

Нагадаю, канфлікт адміністрацыі і Свабоднага прафэсійнага зьвязу Менскага аўтазаводу доўжыцца больш за два месяцы. Дырэкцыя МАЗу пажадала зьліквідаваць тут арганізацыю Свабоднага прафэсійнага зьвязу. Тыдзень таму служба бясьпекі прадпрыемства на ўказаньне кіраўніка МАЗу Валянціна Гурыновіча гвалтоўным чынам захапіла офіс прафэсійнага зьвязу. Была сканфіскаваная зьвязовая маёмасьць, дакумэнты арганізацыі. Прычым, бяз усялякіх судовых рашэньняў.

На сёньняшні дзень Свабодны прафэсійны зьвяз МАЗу заплянаваў на прадпрыемстве акцыю пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі. У абедзенны перапынак на заводскай тэрыторыі адбыўся сход рабочых. На сход сабралася каля тысячы сяброў Свабоднага прафэсійнага зьвязу на чале зь ягоным лідэрам Міхалам Марынічам. Далейшыя падзеі на МАЗе разгортваліся наступным чынам…

Гаворыць Уладзімір Другакоў – наладчык станкоў з цэху штампаў і прэсавых формаў МАЗу, які ўзначальвае тут цэхавую суполку Свабоднага прафэсійнага зьвязу:

(Другакоў: ) "Мы вызначылі тэрмін адміністрацыі, каб яна дала нам адказ, да 16-ці гадзінаў. У 16-ць меркавалася атрымаць адказ.

Калі да аўтазаводу пад'ехаў Марыніч з групаю нашых калегаў па прафэсійным зьвязу, на іх накінуліся асобы ў штацкім і міліцыянты. Яны накінуўліся на нашых сяброў, гвалтам пасадзілі ў аўтамашыны.

Усё гэта адбылося вельмі хутка, і галоўнае, нечакана. Калі аўтамабілі зьніклі зь мейсца захопу, група рабочых спрабавала знайсьці тлумачэньне ў адміністрацыі. Аднак нас ахова ня прапусьціла ў тую частку будынку МАЗу, дзе мейсьціцца начальства. Сказалі, каб разыходзіліся па хатах".

"Аднесліся да рабочых як да быдла. На лесьвіцы спынілі й ня пусьцілі", – паведаміў Уладзімер Другакоў.

Як пазьней высьветлілася – было зарыштавана сем асобаў. Апроч Марыніча, у Заводзкі РАУС былі адвезеныя віцэ-прэзыдэнт Беларускага незалежнага прафэсійнага зьвязу Мікалай Зімін, актывіст Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў Віктар Трошчы, намесьнік старшыні Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу Зьміцер Пліс і яшчэ тры сябры Свабоднага прафэсійнага зьвязу аўтазаводзкае суполкі.

Прыблізна а 20-й гадзіне аб'явіўся Міхал Марыніч. Прычым, ён выйшаў не зь міліцэйскага пастарунку, а з шпіталю. Гаворыць лідэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў:

(Марыніч: ) "Нанесьлі пашкоджаньні рукі пры затрыманьні – вывіх, расьцяжэньні. Я патрабаваў хуткую дапамогу, яна хутка прыехала, агледзелі мяне і сказалі, што трэба везьці ў шпіталь. Нам інкрымінуюць парушэньне дэкрэту аб мітынгах, вулічных шэсьцях. Пікетаваньнях і гэтак далей".

Пра лёс астатніх прафзьвязовых актывістаў, якія былі адвезеныя ў Заводзкі РАУС, на момант перадачы гэтага матэрыялу зьвестак, на жаль, не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG