Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тры месяцы таму пры невядомых абставінах зьніклі намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і ягоны сябра, вядомы прадпрыймальнік Анатоль Красоўскі. Пошукамі Ганчара й Красоўскага заняліся грамадзкая камісія Вярхоўнага Савету, а таксама міліцыя і пракуратура Беларусі. Якія на сёньняшні дзень ёсьць зьвесткі пра зьніклых? Наш аўтар Алег Грузьдзіловіч зьвярнуўся з гэтым пытаньнем у афіцыйныя ўстановы і ў камісію Вярхоўнага Савету.

Сьледчы рэспубліканскае пракуратуры Сяргей Новікаў па-ранейшаму адмаўляецца кантактаваць з прэсаю ў пытаньнях вынікаў справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Ён спасылаецца то на занятасьць, то на адсутнасьць новых дадзеных, то на немагчымасьць паведамляць нешта журналістам, пакуль сьледзтва не завершанае…

Адзінае, што ўдалося даведацца, што сьледзтва ва ўсякім разе не прыпыненае і пошукі Ганчара й Красоўскага працягваюцца. Праўда, незразумела, якія дзеяньні зараз праводзяцца сьледчымі – пра нейкія новыя крокі з пракуратуры й міліцыі зьвестак няма.

На жаль, дакладна ў такім жа становішчы й камісія Вярхоўнага Савету. Паводле словаў яе кіраўніка дэпутата Ўладзімера Савічава, апошні раз сябры камісіі абмяркоўвалі праблему пошукаў Ганчара на дэпутацкім сходзе напрыканцы лістападу.

Пасьля гэтага Савічаў захварэў, хварэе ён і дагэтуль, а таму з просьбаю пракамэнтаваць сытуацыю вакол пошукаў Ганчара й Красоўскага я зьвярнуўся да сябра камісіі, дэпутата Мечыслава Грыба. Ён сказаў:

(Грыб: ) "Вынікі, на жаль, пакуль што не станоўчыя. Ніякіх зьвестак няма. Справа ў тым, што нашая камісія ня можа адпрацоўваць вэрсіі, ня мае на гэта паўнамоцтваў. А дзяржаўныя ворганы, МУС і пракуратура, яны адпрацоўваюць нейкія вэрсіі – можа гэта падман, можа самі зьехалі, ці хто іх скраў, з боку крымінальных структураў, а галоўную вэрсію – што да гэтага мамюць дачыненьне ворганы дзяржаўнай улады – яны праверыць ня могуць. Я не хачу іх абвінавачваць, але яны вось зрабілі запыты ў службу дзяржаўнай бясьпекі, а адтуль атрымалі адказ, што мы нічога ня ведаем і, занеце, хлопцы, вы да нас не чапляйцеся. І больш яны нічога зрабіць ня могуць. Яны ні да кога ня зьвернуцца, проста яны баяцца. Бо калі будуць яшчэ зьвяртацца, то яны могуць і па шапцы даць. Так што яны над гэтай вэрсіяй не працуюць".

На чым жа цяпер, калі няма рэальных магчымасьцяў шукаць зьніклых Ганчара й Красоўскага, можа засяродзіцца камісія Вярхоўнага Савету? Мечыслаў Грыб кажа пра намаганьні максімальна шырока распаўсюджваць зьвесткі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і перш за ўсё распавядаць пра зьнікненьні вядомых палітыкаў. Днямі, узгадвае Грыб, ён разам з дэпутатам Анатолям Лябедзькам рабіў гэта ў Галяндыі.

(Грыб: ) "Мы з Лябедзькам былі ў Амстэрдаме, на Парлямэнцкай Асамблеі НАТО. Прысутнічалі дэлегацыі 34 краін сьвету. Мы распаўсюдзілі зьвесткі як зьнік Ганчар. Нават, у рэзалюцыі, якую прыняла Парлямэнцкая Асамблея, проста запісана ў прэамбуле пра Ганчара і Захаранку. Але ж пакуль што вынікаў няма".

Гэта быў дэпутат Вярхоўнага Савету, сябра камісіі ў пошуках Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага Мечыслаў Грыб.

XS
SM
MD
LG