Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

"Ці можна верыць расейцам? Толькі не ў Чачні". Артыкул з такім назовам надрукаваны сёньня ў газэце "Washington Post". Пра гэту ды некаторыя іншыя публікацыі, якія датычацца падзеяў у Ічкерыі, ў прыватнасьці, злачынстваў з боку расйекіх войскаў…

Аўтар названага артыкулу, Дэніэл Уільямс, распавядае пра лёс былога савецкага міліцыянта Гаміда Гасуева, жыхара чачэнскага паселішча Алхан-Юрт.

Сёлета 3 сьнежня расейцы сказалі мяйсцовым старэйшынам, што ім няма чаго баяцца. Маўляў, зараз, калі партызаны сышлі, чачэнцы могуць жыць мірна. У перамовах удзельнічаў асабіста гэнерал Уладзімер Шаманаў. Неўзабаве пасьля гэтага расейскія марадзёры, рабуючы й спальваючы ўсё на сваім шляху, зламалі жалезныя вароты ды ўварваліся ў двор дому Гасуева на вуліцы Талстога, дзе пачалі расьцягваць скарб, падрыхтаваны да ўцёкаў з паселішча.
Гамід Гасуеў супраціўляўся. Нехта накінуўся на 60-гадовага старога з нажом. Гасуева ўдарылі нажом 19 разоў. Потым жаўнеры зацягнулі ягонае цела ў гараж, аблілі бэнзінам ды кінулі яго там, падпаліўшы дом.

Паводле сьведкі, лёс Гасуева напаткаў астатніх жыхароў дому.

Наагул, прынамсі 24 цывільныя жыхары загінулі пад гарматным вагнём цягам расейскага наступу на паселішча ў лістападзе і шасьці тыдняў разгулу рабаўніцтва пасьля таго, як расейцы авалодалі Алхан-Юртам.

У часе вайны ў Чачні асбалівая ўвага ўвесь час надавалася бамбаваньню ды гарматнаму абстрэлу чачэнскіх местаў і вёсак. Такая тактыка мела на мэце зьмяншэньне ахвяраў пяхоты ды ўскладаньне на мірных жыхароў адказнасьці за выдаленьне партызанаў із захопленае мяйсцовасьці.

Гэта варыянт антыпартызанскай тактыкі стогадовай даўніны: у выпадку перамогі ў першую чаргу пазбавіць іх падтрымкі мяйсцовага насельніцтва. У рэшце рэшт, страты чачэнсіх узброеных сілаў невялікія, у той час як колькасць забітых і параненых сярод мірнага насельніцтва вымяраецца тысячамі ахвяраў.

У ценю бамбаваньняў заставаліся такія зьявы як рабаваньне, вымаганьне грошай, гвалтаваньні ды іншыя зьдзекі над чачэнскімі ўцекачамі ў Інгушэтыі, колькасьць якіх перавысіла 200 000 чалавек.
Выяўленьне гэтых вайсковых злачынстваў немагчыма, паколькі Расея не дазваляе правесьці легальнае расьсьлдаваньне злоўжываньняў. Больш за тое, і Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, і АБСЭ сутыкаюцца з жорсткім супрацівам Расеі ў разьмяшчэньні сваіх назіральнікаў, – сьцвярджае "Washington Post".

Расея адхіляе ўсе заявы наконт злачынстваў супраць мірнага насельніцтва.

Між тым, акрамя падзеяў у Алхан-Юрце ёсьць яшчэ шмат прыкладаў жорсткасьці ды марадзёрства з боку расейскіх вайскоўцаў. Падобныя паведамленьні прыйшлі нядаўна з Алхан-Калы ды Ўрус-Мартану, а таксама з многіх іншых захопленых расейцамі местаў Чачні, – піша "Washington Post".

Расейскія афіцыйныя асобы, паведамляе газэта, заявілі, што 3 тысячы мірных жыхароў у аўторак пакінулі Грозны. Аднак гэтая лічба не была пацьверджаная. Зьвесткі пра колькасьць патэнцыйных уцекачоў з Грознага наогул вельмі супярэчлівыя. Фэдэральны бок паведамляе пра 10 000, іншыя крыніцы называюць 40 000.

Міністар у справе надзвычайных сытуацыяў Сяргей Шайгу распачаў перамовы з чачэнскім прэзыдэнтам Асланам Масхадавым наконт эвакуацыі мірных жыхароў з Грознага.

Тым часам, расейскія ўзброеныя сілы страцілі ў аўторак два гэлікоптары. Паўстанцы зьбілі іх у часе апэрацыі фэдэральнай авіяцыі ў пошуку пілёта самалёту, зьбітага ў панядзелак. Усяго ў гэтай апэрацыі былі задзейнічаныя 15 гэлікоптэраў, – піша "Washington Post".

XS
SM
MD
LG