Агляд заўтрашняга нумару газэты "Рабочы". У артыкуле Ўладзімера Мацкевіча пад назваю "Міна запаволенага дзеяньня" йдзе размова пра нядаўна падпісаную расейска-беларускую хаўрусную дамову. Аналізуючы памкненьні Лукашэнкі, аўтар піша: "Калі канфлікты паміж фэдэральным цэнтрам і суб'ектамі фэдэрацыі выйдуць з-пад кантролю і пачнецца новы смутны час, то па ўсёй Расеі пачуецца кліч – "Сашку на царства!". Лукашэнка стане для расейцаў Мініным, Пажарскім, Гадуновым і Раманавым у вадной асобе. І гэта будзе чарговая ілюзія. Іх чакае проста новы Грышка Атрэп'еў, ён жа Ілжэдзьмітры. Тыя ў Расеі, хто выступае супраць дамовы, баяцца такога разьвіцця падзеяў. І слушна робяць". Журналістка Ірына Дубовік апісвае адзін з рэальных вынікаў беларуска-расейскай інтэграцыі. Рабочыя Менскага заводу будаўнічых матэрыялаў гатовыя страйкаваць, бо іхны заробак мала таго што нясвоечасова выдаецца, дык яшчэ й зьніжаецца. Прычына ў тым, што менскую цэглу няма каму купляць. Раней прадавалі яе ў Расею, але цяпер хаўрусьнікі так паднялі чыгуначныя тарыфы, што расейскія будаўнікі перасталі яе купляць – свая таньнейшая. А ў Беларусі ў наступным годзе скарачаюць выдачу ільготных крэдытаў. За ўласныя ж грошы сярэдні беларус ня тое што дом – нават хлеў не пабудуе. Дырэктар заводу на апошнім сходзе аб'явіў, што напісаў заяву на звальненьне, але праблемаў гэта, зразумела, ня вырашыць. У інфармацыйным блёку газэты "Рабочы" цікавае паведамленьне пра тое, як мяняюцца ў Беларусі інтарэсы злодзеяў. Калі раней яны палявалі галоўным чынам на золата, грошы ды відэаапаратуру, то зараз пачалі выкрадаць газавыя балёны са звадкаваным прапан-бутанам… Да прыкладу, два такія балёны днямі былі скрадзеныя з малочнай кухні Сьветлагорскага мэдычнага аб'яднаньня. Крадзены балён з дэфіцытным газам сёньня ў беларускай правінцыі прадаць нашмат прасьцей, чым відэамагнітафон ці залатыя завушніцы. Гэта быў агляд заўтрашняга нумару газэты "Рабочы",
які падрыхтаваў
Валянцін Жданко, Менск
які падрыхтаваў
Валянцін Жданко, Менск