Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Учора ў Берасьці скончыўся судовы працэс над трыма мяйсцовымі жыхарамі – удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі "Сьвечка незалежнасьці", якая адбылася 8 сьнежня, у дзень падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусяй ды Расеяй.

Нагадаю, што берасьцейцы Сяржук Бахун, Рыгор Бакіевіч і Рыгор Варвашэвіч абвінавачваліся ў парушэньні артыкулу 167 часткі 1 Адміністрацыйнага кодэксу – "правядзеньне несанкцыянаванага пікетаваньня". Раней за парушэньне гэтага ж артыкулу таксама 8 сьнежня яшчэ адзін мясцовы жыхар, Генадзь Самойленка, быў пакараны 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Учора судзьдзя Міранюк вымушаны быў адкласьці разгляд справы і выклікаць у суд капітана міліцыі Мікалая Касьцюкевіча, які непасрэдна прысутнічаў на акцыі і перапісваў прозьвішчы ды хатнія адрасы ейных удзельнікаў. Спадар Касьцюкевіч сёньня пацьвердзіў, што бачыў усіх трох асобаў пад час акцыі, але так і ня здолеў растлумачыць у судзе, якім чынам яны парушалі закон. Міліцыянт спаслаўся на сваё начальства, якое загадала яму перапісваць прозьвішчы.

Нягледзячы на такія супярэчлівыя паказаньні сьведкі з боку міліцыі, судзьдзя Міранюк абвесьціў, што выносіць папярэджаньне Сяржуку Бахуну і Рыгору Бакіевічу, справа супраць Рыгора Варвашэвіча спыненая, паколькі суд не знайшоў доказаў ягонае віны.

Але, як паведаміў нашаму Радыё сам спадар Варвашэвіч, ён мае намер прыцягнуць да адказнасьці работнікаў праваахоўных ворганаў за нанесеную маральную шкоду. Справа ў тым, што ў так званай апэрацыі прыводу спадара Варвашэвіча ў Ленінскі РАУС, былі задзейнічаныя супрацоўнікі АМОНу з аўтаматамі і дубінкамі. Пабачыўшы тую апэрацыю, жонка Рыгора Варвашэвіча Ніна апынулася на шпітальным ложку, і цяпер ейны муж зьбіраецца патрабаваць ад міліцыянтаў кампэнсацыі за нанесеную шкоду здароўю. Чакаецца, што адпаведны пазоў будзе пададзены ў суд у бліжэйшыя дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG