Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Учора ўвечары ў Камітэце працы Менскага абласнога выканаўчага камітэту адбыўся сход чыноўнікаў, дзе разглядаліся "няслушныя палітычныя паводзіны" галоўнага спэцыяліста згаданага камітэту Валянціна Баранава пад час нядаўняга сьвяткаваньня 79-х угодкаў Слуцкага Збройнага чыну. Так пачалася другая цягам апошняга году спроба выдаліць Валянціна Баранава, які зьяўляецца старшынём Менскай абласное рады БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, з працы ў дзяржаўнай установе.

Непрыемнасьці на працы ў Валянціна Баранава пачаліся яшчэ ў красавіку. Тады паводле ініцыятывы колішняга старшыні Камітэту працы вабласнога выканаўчага камітэту спадара Чухманава агульны сход чыноўнікаў закляйміў ганьбаю свайго 49-гадовага спэцыяліста за тое, што ён, атрымліваючы заробак нібыта "ад Лукашэнкі", адважваецца браць актыўны ўдзел у арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Аднак кіраўнік Камітэту, які наважыўся пазбавіцца ад Валянціна Баранава пад час пераатэстацыі, неўзабаве быў пераведзены на іншую пасаду. Да таго ж і пераатэстацыя была адкладзена на няпэўны тэрмін.

Але на гэтым ад Валянціна Баранава ягонае начальства не адчапілася. Нагодаю стала нядаўняе сьвяткаваньне ўгодкаў Слуцкага Збройнага чыну, дзе браў удзел і спадар Баранаў. На яго ў той дзень пасьля наведваньня места Вызна салігорскія міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні – арганізацыі апазыцыйнага мітынгу ды шэсьця.

На падставе гэтага пратаколу кіраўніцтва вабласное міліцыі накіравала ліст на імя старшыні Менскага вабласнога выканаўчага камітэту Мікалая Дамашкевіча дзеля прыняцьця мераў рэагаваньня. Учора на агульным сходзе і адбылося абмеркаваньне гэтых паводзінаў.

Гаворыць Валянцін Баранаў: "Быў сход у кіраўніка Губарэвіча Валерыя. Але пытаньнем нумар адзін стала пытаньне, якое зрабілі міліцыянты: яны мяне абвінавацілі ў арганізацыі шэсьця й сходу ў Вызьне. Суда яшчэ аніякага не было. І тое, што там фактычна было ўскладаньне вянкоў і аніякага мітынгу там не было – гэта ведаюць усе.

Чаму ж у такім разе калектыў чыноўнікаў Камітэту працы павінен быў адрэагаваць на міліцэйскі ліст? На гэта пытаньне Валянцін Баранаў адказаў так:

(Баранаў: ) "Знаходжаньне дзяржаўнага служачага ў партыі, якая не адпавядае поглядам прэзыдэнта і яго прыхільнікаў, зараз не ўхваляецца. Я маю свае погляды і ніколі іх не хаваю. Я на дзяржаўнай службе працую ўжо больш за дваццаць год і апошнія дзесяць год мяне спрабуюць выкінуць з працы. Але праз суды я ўзнаўляўся зноў".

Палітычнай дзейнасьцю ў дзяржаўным апараце займаецца не адзін Валянцін Баранаў. Дастаткова згадаць хаця б намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктара Чыкіна, які ўзначальвае Кампартыю. Уся справа, падобна, толькі ў тым, што Баранаў знаходзіцца ня ў "той" партыі.

Разьбіральніцтва для яго скончылася даручэньнем спадара Губарэвіча спадарыні Гешкевіч, – непасрэднай начальніцы Валянціна Баранава, – выпрацаваць канкрэтныя прапановы адносна пакараньня апазыцыянэра. Як паведаміў мне Валянцін Баранаў, Ала Гешкевіч забараніла яму кантактаваць з кім-небудзь па службовым тэлефоне нават у тым выпадку, калі тэлефанаваньні робіць не ён сам, а звоняць да яго.

Пра тое, чым завершыцца палітычнае разьбіральніцтва з Валянцінам Баранавым ў Менскім вабласным выканаўчым камітэце, мы паведамім нашым слухачам.

XS
SM
MD
LG