Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў чарговую нараду, пад час якой даручыў ураду тэрмінова пазбавіцца ад пасярэднікаў. Потым Лукашэнка ўдакладніў, што трэба пазбавіцца толькі ад "дрэнных" пасярэднікаў, а "добрых", якія прывозяць на Беларусь дэфіцытныя харчовыя прадукты, пакінуць.

Вядома, что Лукашэнка заўсёды ставіўся да пасярэднікаў насьцярожана і зь непрыязнасьцю. Яны яму не падабаюцца, бо ён лічыць іх "занадта багатымі".

Менавіта такім чынам Лукашэнка тлумачыць народу неабходнасьць пазбавіцца ад пасярэднікаў. На самой справе можна казаць ня толькі пра нейкую асабістую непрыязнасьць, але й пра намер пабудаваць сапраўды сацыялістычную эканоміку.

Лукашэнка патрабаваў, каб указ аб некаторых захадах ва ўпарадкаваньні дзейнасьці прадпрыймальнікаў пачаў дзейнічаць з пачатку 2000 году. Паводле нашых зьвестак, гэты ўказ яшчэ не падпісаны. Хутчэй за ўсё, дакумэнт зьявіцца ў друку на наступным тыдні.

Паводле інфармацыі нашага радыё, размова йдзе пра тое, каб максімальна скараціць дзейнасьць пасярэднікаў, якія працуюць на нутраны рынак. Лукашэнка лічыць ненармальнай сытуацыю, калі беларуская арганізацыя ня мае магчымасьці набыць нейкі тавар непасрэдна на прадпрыемстве. Ён выказаў незадаволенасьць працаю тых заводаў, якія не прадаюць сваю прадукцыю самастойна.

Асабліва дасталося трактарнаму заводу. Калі ў гэтага прадпрыемства паўсталі вялікія цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі, яно, сапраўды, зьвярнулася да пасярэдніцкіх фірмаў, якія дапамаглі палепшыць сытуацыю.

Прадпрыемствам складана абыходзіцца без пасярэднікаў. Той, хто вырабляе прадукцыю, часьцей за ўсё проста ня ўмее яе прадаваць. Пазбаўленьне ад пасярэднікаў можа прывесьці краіну да разьмеркавальнае сыстэмы, у выніку чаго абавязкова зьявіцца новы дэфіцыт тавараў.

XS
SM
MD
LG