Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня завершыўся візыт у Менск кiраўнiка рабочае групы па Беларусi Парлямэнцкай Асамблеi АБСЭ Адрыяна Севярына.

На сваёй заключнай прэсавай канфэрэнцыi сп. Севярын наступным чынам ахарактарызаваў спробу наладзiць перамоўны працэс памiж афiцыйнымi ўладамi й палiтычнай апазыцыяй як крыніцу расчараваньня для АБСЭ.

(Севярын: ) «Крок наперад, два крокi назад».

Вызваленьне з-за кратаў Мiхала Чыгiра – гэта, безумоўна, крок наперад. А вось адстаўка Мiхала Сазонава – два крокi назад. Падпiсаньне экспэртамi па СМI пратаколу пра доступ апазыцыi да дзяржаўных мас-мэдыя таксама крок наперад. А вось нявыкананьне гэтых пагадненьяў, – лiчыць прадстаўнiк АБСЭ, – рух назад.

На рух толькi наперад сп. Севярын ня спадзяецца. Паводле яго, у краiнах з пераходнымi ўмовамi гэта ўвогуле немагчыма. Таму цяпер у адносiнах да Беларусi АБСЭ хоча перайсьцi на новую тактыку – два крокi наперад i толькi адзiн назад.

У якасьцi першага рэальнага зьмяненьня Адрыян Севярын назваў патрабаваньне АБСЭ да беларускiх уладаў тэрмiнова прызначыць афiцыйную асобу, якая мела б паўнамоцтвы працягваць кансультацыi памiж экспэртамi па СМI да прызначэньня пераемнiка Мiхала Сазонава на пасадзе кiраўнiка ўрадавае дэлегацыi.

Другiм крокам стане ўзнаўленьне кансультацыяў памiж экспэртамi. Праўда, на лёгкае вырашэньне гэтае праблемы Севярын не разьлiчвае, таму што «АБСЭ сутыкнулася са сваеасаблiвым падыходам урадавага боку. Ва ўрадзе лiчаць, што калi апазыцыя атрымае свабодны доступ да дзяржаўных мас-мэдыя, ступень кiраваньня краiнаю з боку ўраду будзе значана аслабленая».

Кiраўнiк рабочае групы па Беларусi таксама дадаў, што ён спрабаваў пераканаць урадавых чыноўнiкаў у iхнай перастрахоўцы, у тым, што iм раней або пазьней усё роўна прыйдзецца рабiць захады, каб палегчыць доступ апазыцыi да дзяржаўных мас-мэдыя.

Адрыян Севярын падцьвердзiў, што ўсе захады АБСЭ скiраваныя на адную мэту – правядзеньне ў наступным годзе свабодных i дэмакратычных выбараў у парлямэнт Беларусi. Таму мiжнародная арганiзацыя вельмi занепакоеная тым, што Беларусь можа вельмi хутка апынуцца ў цэйтноце. Тэрмiны пачатку перамоўнага працэсу ўвесь час пераносяцца. Вось i цяпер зайшла гаворка, што ў самым лепшым выпадку яны пачнуцца ўжо толькi на пачатку будучага году.

Менавiта з мэтаю паскорыць пачатак перамоваў сп. Севярын i будзе выступаць у студзенi наступнага году спачатку ў Вене на пасяджэньнi Сталага камiтэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а затым i ў Страсбуру – на пасяджэньнi Рады Эўропы, дзе яму прапанавана зрабiць справаздачу пра дзейнасьць АБСЭ ў Беларусi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG