Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч. Прага

У нашую рэдакцыю зьвярнуўся былы беларускі прадпрымальнік Уладзімер Градовіч, які быў змушаны зьехаць з краіны. Уладзімер, баронячыся ад вымагальнікаў, забіў аднаго зь іх. Суд апраўдаў прадпрымальніка, аднак пасьля гэтага пачаліся бясконцыя тэлефанаваньні з пагрозамі… Уладзімер Градовіч зьвяртаўся ў праваахоўныя ворганы, аднак там асаблівай увагі праблемам звычайнага грамадзяніна не надалі.

Гісторыя Ўладзімера Градовіча была апублікаваная ў 13-м нумары за 1996 год газэты "Дэтэктыў". Імёны зь меркаваньняў бясьпекі былі зьмененыя:

"Яны шчыльна яго атачылі ў двары дома. Тры моцныя, маладыя мужчыны. Зьлякаўшыся, ён думаў пра адно – толькі б пашкадавалі пяцігадовага сына. Яны пагражалі забіць, а ён думаў – жыцьцё толькі пачалося, крыху зарабіў, купіў машыну. А тут такое. Прадпрымальніка прымусілі адчыніць дзьверы кватэры. Запатрабавалі 2 тысячы дойчмарак. Пасьля адмовы пачалі зьбіваць. Нагамі. Ён узяў нож і забіў аднаго з вымагальнікаў."

Уладзімеру Градовічу прадставілі адваката. Гэты самы адвакат абараняў інтарэсы і тых людзей, якія прыйшлі забраць градовічавы грошы. Пасьля Ўладзімер быў змушаны зьвярнуцца да іншага адваката. І выйграў справу. Пасьля апраўданьня пачаўся фактычны перасьлед прадпрымальніка Градовіча. Ён быў змушаны выехаць зь Беларусі.

Спачатку Ўладзімер прыехаў у Бэльгію, адтуль ськіраваўся ў Нямеччыну. У нашую рэдакцыю прыйшоў ліст – цытую – "Я хацеў бы расказаць, як КДБ перасьледуе прыватных прадпрымальнікаў у Беларусі." Уладзімер перакананы, што беларускія спэцслужбы чыняць супраць бізнэсоўцаў. Мы зьвязаліся з Уладзімерам Градовічам у Нямеччыне:

(Градовіч: ) "Я хачу расказаць сваю гісторыю, як мне ўдалося выехаць зь Беларусі, таму што гэта было вельмі складана. Я хаваўся ў хаце са сваёй жонкай і зь дзецьмі, таму што як мая жонка, так і я, папалі ў такую сытуацыю, што да нас у хату прыйшлі бандыты і хацелі забраць нашыя грошы, наш аўтамабіль. І калі я пайшоў па сваю машыну, я аднаго бандыта ўдарыў нажом, той памёр…"

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, але Вы гаворыце пра тое, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі фактычна функцыянуе супраць прадпрыймальнікаў. Што Вы маецец на ўвазе?"

(Градовіч: ) "Заьіралі людзей у Гулагі, зараз тут той жа самы рэкет. Гэта ўсім вядома, што рэкет – той самы НКВД. І тое, што кажуць, што ў Беларусі зараз 1937 год, гэтым і пацьвярджаецца".

(Карэспандэнт: ) "Уладзімер, Вы сказалі, што вымушаны былі пазбавіць жыцьця чалавека, які быў рэкецірам, Ці зьвярталіся Вы ў ворганы правапарадку каб Вас абаранілі ці дапамаглі пазбавіцца гэтай пагрозы?"

(Градовіч: ) "Мяне так і не перасьледвалі, да таго, як прыйшлі. Проста мяне запалохвалі, спрабавалі ціснуць. Тэлефанавалі, на базары, на стадыёне "Дынама" да мяне падыходзілі некалькі разоў такога тыпу людзі, крымінальнага. Я падыходзіў пару разоў да міліцыянтаў, якія там дзяжурылі. Яны прапанавалі мне ў наступны раз, калі тыя прыйдуць, падыйсьці да іх.

Пасьля таго, як мяне апраўдалі, мы з жонкай разьвяліся. Яна прста вымушаная была разьвесьціся, бо гэта было не жыцьцё – я ня мог працаваць, ня мог выйсьці на вуліцу, бо гэта было небясьпечна".

(Карэспандэнт: ) "Вы два гады хаваліся ў кватэры. Як Вам ўдалося выехаць, і ці лёгкім было гэтае рашэньне – пакінуць краіну?"

(Градовіч: ) "Я пайшоў у Службу кантроля прэзыдэнта, я думаў, што мне дапаможа наш прэзыдэнт, якога ўсе баяцца. Адтуль мяне накіравалі ў камітэт па арганізаванай злачыннасьці. І калі я там зайшоў у кабінэт да начальніка, то ён мане адразу сказаў заходзь "Грабовіч"(а не Градовіч). Пажартаваў, маўляў. Сказалі – нічога ня бойся, хадзі, ты сабе набраў у галаву, нічога з табой ня здарыцца.

Вось і ўся дапамога. Далі мне візытку. А я сказаў, што калі мяне заб'юць, дык тэлефанаваць ужо будзе ня трэба".

Калі мы скончылі гутарку і Ўладзімер перайшоў на больш знаёмую яму расейскую мову, то першай фразай было – як не хацелася пакідаць Беларусі. Уладзімер спадзяваўся прыстойна працаваць і прыстойна жыць. А цяпер ня ведае, як складзецца жыцьцё.

Уладзімер Градовіч пачаў цікавіцца палітычнымі падзеямі. Павітаў зьяўленьне Тамары Віньнікавай і абяцаў тэлефанаваць.

XS
SM
MD
LG