Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхал Чыгір перакананы, што судзьдзя Мікалай Самасейка зацікаўлены ў вынясеньні менавіта абвінаваўчага прысуду ў ягонай справе і з гэтае нагоды патрабуе прызначыць іншага судзьдзю. Пра гэта экс-прэм'ер заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

З судзьдзём менскага гарадзкога судуа Мікалаям Самасейкам экс-прэм'ер завочна пазнаёміўся яшчэ да ўчорашняга паседжаньня.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Міхал Чыгір узгадаў, што менавіта судзьдзя Самасейка двойчы адхіляў хадайніцтвы абароны Чыгіра наконт зьмены яму меры стрыманьня з турмы на падпіску аб нявыязьдзе. У першы раз судзьдзя не палічыўся са шматлікімі працэсуальнымі парушэньнямі сьледчых, у другі раз не зьвярнуў увагу на тое, што з экс-прэм'ера зьнятае адное цяжкае абвінавачваньне і ён перайшоў у больш лёгкую катэгорыю абвінавачваных, якая не прадугледжвае арышту…

Міхал Чыгір робіць выснову: "Такім чынам, Самасейка двойчы парушыў дзейнае заканадаўства, і натуральна, што калі ён будзе разглядаць у судзе маю справу, ён ня можа прыняць справядлівае рашэньне, паколькі сам сябе паставіць пад удар, ня можа прызнаць мяне невінаватым, бо гэта будзе азначаць, што ён парушаў закон".

На думку Міхала Чыгіра, улады наўмысна выкарысталі гэтую сытуацыю з Самасейкам. "Гэта такая тактыка: спачатку, так бы мовіць, "павязалі" судзьдзю незаконным рашэньнем, каб потым дамагчыся ад яго такога рашэньня, якое патрэбна ўладзе", – не выключае экс-прэм'ер.

Што тычыцца судовага працэсу, то Чыгір прадбачыць, што ён будзе цяжкім і доўгім. Паводле ягоных словаў, у справе фактычна няма абгрунтаваных незалежнымі адмыслоўцамі высноваў, усе высновы робяцца сьледчымі ці людзьмі, якія падпарадкаваныя міліцыі і пракуратуры.

Міхаіл Чыгір абураецца: "Такіх прыкладаў шмат, калі, напрыклад, міністар фінансаў не прызнае стратаў бюджэту, а сьледчы чамусьці робіць выснову, што такія страты былі нанесеныя", – кажа Чыгір і папярэджвае, што ён і абарона будуць патрабаваць правядзеньня незалежных экспэртызаў сіламі кампэтэнтных спэцыялістаў.

Экс-прэм'ер разьлічвае, што суд ня зможа адхіліць такія хадайніцтвы, аднак з большага свой некалі аптымістычны погляд на вынікі будучага працэсу Міхалу Чыгіру, як ён прызнаў, пасьля ўчорашняга прыйшлося перагледзець: "Я чакаю, што, негледзячы на ўвесь маразм, які напісаны ў справе, у рэшце рэшт судзьдзя падымецца й зачытае, што я ў нечым вінаваты. Такое цалкам магчыма", – ня выключыў Міхал Чыгір, але зноў цьвёрда паўтарыў, што ўсё роўна не баіцца суду й будзе дамагацца зьняцьця ўсіх абвінавачваньняў.

Журналісты на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі не маглі абыйсьці ўвагаю тэму Тамары Віньнікавай. Экс-прэм'ер не камэнтаваў сам факт зьяўленьня Віньнікавай, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі, але выказаўся наконт цытатаў зь яе інтэрвію "BBC" адносна магчымасьці ў Беларусі пасадзіць у турму любога банкіра за тэхнічныя, як сказала Віньнікава, парушэньні, і адносна таго, ці магчама ўвогуле сума ў мільярд даляраў, якія быццам бы яе прымушалі пералічыць на сакрэтныя рахункі.

Міхал Чыгір лічыць, што любога зь беларускіх банкіраў паводле закону пасадзіць немагчыма, толькі калі ігнараваць законы. Што ж тычыцца прыблізных памераў пералічэньняў з "чорнай прэзыдэнцкай касы", то тут былы прэм'ер з былой банкіркаю згодны.

"Вы ведаеце, што у нас былі створаныя як бы два бюджэты – адзін афіцыйны і адзін, якім кіравалі ва ўправе справамі адміністрацыі прэзыдэнта. Там сапраўды круціліся вялікія грошы, тое, што яны маглі дасягаць і мільярда даляраў, гэта верагодна адназначна", – лічыць Міхал Чыгір.

Напрыканцы сваёй прэсавай канфэрэнцыі Міхал Чыгір даў слова жонцы й маці дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. Яны нагадалі, што ўчора Клімаў быў жорстка зьбіты ў ізалятары, у яго зламаная рука, траўмы галавы й страўніка.

Сваякі Клімава паведамілі, што сёньня іхную заяву наконт узбуджэньня крымінальнае справы паводле гэтага факту ў гарадзкой пракуратуры нават не прынялі, і яны напісалі заяву ў Рэспубліканскую пракуратуру на імя гэнэральнага пракурора Бажэлкі.

Ці будзе справа ўзбуджаная, сваякі Клімава ня ведаюць. Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір заклікаў журналістаў і грамадзкасьць выявіць салідарнасьць і падтрымаць мужнага дэпутата Андрэя Клімава.

XS
SM
MD
LG