Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зь сёньняшняга дню Нацыянальны банк Беларусі лібэралізаваў рынак наяўнае валюты. У абменных пунктах Менску 14 сьнежня даляры прымалі па 720 тысячаў беларускіх рублёў. Такім чынам, улады вымушаныя прызнаць, што спробы ўсталёўваць валютны курс дырэктыўным шляхам пацярпелі паразу.

Сёньня каля абменных пунктаў камэрцыйных банкаў у Менску ўпершыню за апошнія тры гады зьявіліся чэргі. Людзі падыходзілі да акенцаў і ня верылі сваім вачам. Многія палахліва пазіралі на табло, дзе значыліся лічбы 720 і 730 тысячаў беларускіх рублёў. Менавіта такім быў сёньня курс куплі й продажу амэрыканскага даляру.

Гэта стала магчымым пасьля таго, як 25 лістапада праўленьне Нацыянальнага банку прыняло рашэньне "Аб валютных апэрацыях", згодна зь якім на працягу 2-3 тыдняў абменным пунктам дазвалялася зраўняць свае курсы з г.зв."чорным рынкам".

Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар старшыні Нацыянальнага банку Міхал Журавовіч, на гэты крок ягонае ведамства пайшло таму, што аб'ёмы продажу валюты на біржы (на дадатковых гандлёвых сэсыях дзе курс таго ж даляру цяпер складае 640-650 тысячаў рублёў) дазваляюць зраўняць курс банкаў з рынкавым.

Паводле словаў сп. Журавовіча, адмененае і ранейшае рашэньне, якое забавязвала камэрцыйныя банкі прадаваць ад 70 да 95 адсоткаў валютнага прыбытку дзяржаве. Цяпер банкі будуць прадаваць Нацыянальнаму банку толькі тую частку валюты, якую не набыло насельніцтва, і паводле рынкавага курсу.

Праўда, у продажы валюты прадпрыемствамі сытуацыя застаецца ранейшай. На асноўнай гандлёвай сэсыі Міжбанкаўскае валютнае біржы, дзе дзяржава набывае валюту дзеля г.зв. крытычнага імпарту (энэрганосьбіты, нафта, збожжа й г.д.), прадпрыемствы забавязаны прадаваць тыя ж даляры паводле курсу Нацыянальнага банку. А на дадатковых сэсыях ім дазволена прадаваць свой валютны прыбытак па больш высокай цане.

Прэсавы сакратар Пятра Пракаповіча гаворыць, што цяперашняя лібэралізацыя курсу зьяўляецца сваеасаблівым экспэрымэнтам. Ад таго, наколькі ён будзе пасьпяховым, залежыць лёс гэтай ініцыятывы. Аднак сп. Журавовіч спадзяецца, што людзі ўсё ж панясуць сваю валюту ў абменьнікі.

Нагадаю, што некалькі абменных курсаў зьявіліся ў Беларусі напрыканцы 95-га – на пачатку 96-га году, калі кошты на крытычны імпарт на біржы пачалі ймкліва расьці, і Аляксандар Лукашэнка аддаў загад тагачаснай старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай трымаць курс любой цаною. У выніку людзі панесьлі свае грошы ня ў банкі, а на "чорны рынак".

Паводле словаў кандыдата эканамічных навук Валерыя Дашкевіча, лібэралізаваць валютны рынак беларускім уладам ужо даўно раілі спэцыялісты, у тым ліку і з МВФ. На думку сп. Дашкевіча, цяперашні крок уладаў, безумоўна, станоўчы, аднак ёсьць вялікі сумнеў адносна пасьпяховасьці гэтай акцыі.

Валеры Дашкевіч гаворыць, што дзеля таго, каб трымаць курс валюты на рынкавым узроўні, дзяржава павінна адмовіцца ад такіх эканамічна заганных праектаў, як крэдытаваньне жыльля й аграпрамысловага комплексу, бо ў цяперашнім стане Беларусь ня можа сабе дазволіць такое раскошы.

Аднак улады, на думку незалежнага экспэрта, ніколі ня пойдуць на гэта.

XS
SM
MD
LG