Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША, адказны за палітычныя стасункі зь Беларусьсю Джон Армстронг правёў гадзінную сустрэчу з кіраўніком Беларускага Народнага Фронту Вінцуком Вячоркам.

Як паведамілі нашаму радыё ў амабасадзе ЗША ў Беларусі, прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША, адказны за палітычныя стасункі зь Беларусьсю Джон Армстронг прыбыў у беларускую сталіцу ўчора і прабудзе тут да пятніцы. Візыт носіць працоўны характар. У часе яго Джон Армстронг, як паведамілі ў амбасадзе ЗША, "правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі ўрадавых і няўрадавых аргнізацыяў, а таксама наведае Берасьце". Учора Джон Армстронг правёў сустрэчы з прадстаўнікамі дыпляматычных місіяў.

Сёньня паводле ініцыятывы Джона Армстронга адбылася гадзінная гутарка са старшынём БНФ Вінцуком Вячоркам , якая насіла закрыты характар. Вінцук Вячорка стаў першым беларускім палітыкам, з кім сустрэўся прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША. Паводле вынікаў сустрэчы Вінцук Вячорка заявіў нам, што ў часе сустрэчы абмяркоўваліся пэрспэктывы перамоўнага працэсу ўлады і апазыцыі пад эгідаю АБСЭ, а таксама надоечы падпісаная дамова аб стварэньні хаўрусу Беларусі й Расеі.

Паводле Вінцука Вячоркі, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў: "Воля беларускага народу не была выяўлена празь нелегітымныя ворганы, якія падпісалі дамову аб стварэньні хаўрусу". Адносна пэрспэктываў парамоўнага працэсу Джон Армстронг выказаўся пэсымістычна. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Я паведаміў, што апошнія падзеі з Клімавым, прыняцьцё дэкрэту №40 і іншыя адназначана сьведчаць, што рэжым не зьбіраецца лібэралізавацца, што стварэньня клімату даверу ў Беларусі не адбываецца, а значыць пэрспэктывы перамоўнага працэсу знаходзяцца пад велізарным сумневам".

(Карэспандэнт: ) "А якой была рэакцыя прадстаўніка Дзяржаўнага Дэпартамэнту?"

(Вячорка: ) "Ён выказаў занепакоенасьць тым, што адбылося з дэпутатам Клімавым – гэтае зьбіцьцё, якое відавочна было заплянаванае, гэта – абуральны факт. І ён таксама выказаў занепакоенасьць што да згоды рэжыму да хуткага і паўнацэннага перамоўнага працэсу.

Што ж да інтэграцыйных пытаньняў, то тут спадар Армстронг паўтарыў тое, што я чуў у Вашынгтоне ад Роса Ўілсана – гэта намесьнік Сэстанавіча, адказнага за Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу – што паколькі саюзная дамова з боку Беларусі падпісаная і ратыфікаваная нелегітымнымі органамі, то воля беларускага народу ў гэтай саюзнай дамове не выяўленая. І, такім чынам, ёсьць вялікія праблемы зь яе міжнародным прызнаньнем".

Паводле словаў старшыні БНФ Вінцука Вячоркі, на наступным тыдні Джон Армстронг вяртаецца ў Вашынгтон і беларуская сытуацыя будзе абмеркаваная ў Дзяржаўным дэпартамэнце:

(Вячорка: ) "Камэнтары і заявы зьявяцца потым ад імя Дзяржаўнага Дэпартамэнту".

– паведаміў старшыня БНФ Вінцук Вячорка.

Зь якімі яшчэ апазыцыйнымі палітыкамі заплянаваныя сустрэчы прадстаўніка амэрыканскага Дзяржаўнага Дэпартамэнту, у амбасадзе ЗША паведаміць адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG