Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

"Сытуацыя ў Беларусі, калі за ёй назіраеш унутры краіны, выглядае куды больш трывожнай, чым гэта здаецца, калі сочыш за ёй з Вэны, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе", – такое прызнаньне зрабіў Адрыян Севярын – кіраўнік рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ пад час сёньняшняе сустрэчы зь кіраўнікамі Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Беларускія ўлады падрыхтавалі спадару Севярыну непрыемны сюрпрыз – у панядзелак, 13 сьнежня, міліцыянты жорстка зьбілі дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Андрэя Клімава. Зразумела, такія дзеяньні аніякім чынам не ўкладваюцца ў канцэпцыю ўсталяваньня клімату ўзаемнага даверу паміж уладамі й апазыцыяй. А менавіта гэтага патрабуе ад беларускіх афіцыйных асобаў АБСЭ.

Пэўныя абяцаньні на гэты конт былі дадзеныя ўладамі пад час папярэдняга візыту Севярына ў Менск напрыканцы кастрычніка, а таксама пад час Стамбульскага саміту ў сярэдзіне лістападу.

Такая падвойная гульня, падобна, моцна пакрыўдзіла адказнага міжнароднага чыноўніка. Сёньня з самай раніцы група АБСЭ ў Менску распаўсюдзіла адмысловае паведамленьне для прэсы. У ім падкрэсьліваецца надзвычайная занепакоенасьць з нагоды зьбіцьця й жорстакага абыходжаньня з дэпутатам Клімавым.

АБСЭ таксама парабуе ад ураду Беларусі "неадкладна расьледваць гэтае здарэньне, аказаць спадару Клімаву неабходную мэдычную дапамогу ў адпаведным шпіталі й вызваліць яго з-пад варты".

Сярод лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў, што ўваходзяць у Кансультатыўную раду, нямала дэпутатаў. І пад час сёньняшняй сустрэчы з Адрыянам Севярынам яны актыўна цікавіліся ягонай рэакцыяй на ўчорашні інцыдэнт з Андрэям Клімавым.

Сп. Севярын, які зьяўляецца да таго ж дэпутатам парлямэнту Румыніі, заявіў, што разглядае гэты факт як асабістую зьнявагу, пра што й будзе казаць міністру Латыпаву.

Адрыян Севярын пад час гутаркі канстатаваў: зь Вены, дзе знаходзіцца штаб-кватэра АБСЭ, сытуацыя ў Беларусі выглядае не такой трывожнай. А вось калі назіраеш за жыцьцём непасрэдна ў краіне, бачыш, што да ўсталяваньня клімату ўзаемнага даверу яшчэ далёка.

І яшчэ адно цікавае прызнаньне зрабіў спадар Севярын сябрам Кансультатыўнае рады й Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценявага ўраду). Цяпер ён выразна бачыць: у атачэньні Лукашэнкі йдзе жорсткая барацьба паміж тымі, хто разумее неабходнасьць хоць нейкіх крокаў на шляху дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця, і паміж прыхільнікамі жорсткай лініі.

У Стамбуле, паводле словаў Севярына, яго запэўнівалі: верх возьмуць прыхільнікі мяккай лініі. Зараз у яго на гэты конт зьявіўся пэўны сумнеў. Але ў рэшце рэшт", – запэўніваў суразмоўцаў Адрыян Севярын, дэмакратычны кірунак усё ж пераможа.

XS
SM
MD
LG