Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Сэнды Бэргэр лічыць, што міжнародны націск на Расею ўжо паўплываў на ход ейнай ваеннай апэрацыі ў Чачні. Аднак побач са слоўным асуджэньнем і ахалоджаньнем адносінаў паміж Расеяй і Захадам, Расеі пагражаюць больш канкрэтныя крокі з боку міжнароднай грамадзкасьці, уключна з эканамічнымі санкцыямі.

Нэгатыўнага стаўленьня да чэчнскай апэрацыі з боку міжнароднай супольнасьці не зьмякчыла ані частковае адмаўленьне ад ультыматуму жыхаром Грознага, ані сёньняшняя прапанова амністыі для чэчнскіх ваяроў.

Камэнтатар амэрыканскай газэты "New York Times" Уільям Сафір патлумачыў вайну ў Чачні імкненьнем Расеі да кантролю за экспартам касьпійскае нафты. Ён заклікаў да шэрагу крокаў ў адказ, у прыватнасьці, да прыпыненьня далейшых пазыкаў Расеі з Міжнароднага Валютнага Фонду і амэрыканскага Імпартна-Экспартнага Банку. Сэфайэр прапанаваў таксама зьніжэньне цэнаў на паліва, што зьменшыла б прыбыткі Расеі, якія часткова ідуць на фінансаваньне вайны ў Чачні.

З падобнымі думкамі выступіў рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША Джорж Буш (малодшы). Ён заявіў, што Расея не павінна разьлічваць на замежныя крэдыты, пакуль яна працягвае бамбаваньне цывільнага насельніцтва ў Чачні.

На думку дырэктара аддзелу зьнешняй палітыкі ў Інстытуце Брукінгс Рычарда Гааса, з кожным днём ціск на Расею з боку заходніх урадаў будзе ўзмацняцца. Пры гэтым схільнасьць да пакаральных крокаў ў дачыненьні да Расеі больш назіраецца ў Эўропе, чымсі ў Злучаных Штатах.

У сыботу ў часе канфэрэнцыі ў Гельсынкі лідэры Эўразьвязу войстра асудзілі Расею за ейную аперацыю ў Чачні. Прэм'ер Італі Массімо д'Алема назваў бамбаваньне Чачні "жахлівым" і "непрыймальным". Лідэры Зьвязу прыгразілі Маскве пераглядам гандлёвых пагадненьняў, аднак паўстрымаліся ад непасрэднага ўвядзеньня эканамічных санкцыяў.

Тым ня менш мяркуецца, што і без афіцыйных санкцыяў, пагаршэньне адносінаў паміж Масквою і Захадам будзе мець для Расеі вельмі негатыўныя вынікі. Згаданы Экспартна-Імпартны Банк ЗША ўжо апынуўся пад ціскам, каб паўстрымацца з выдзяленьнем расейскай нафтавай кампаніі "Цюмень-Оіль" паўмільярднага крэдыту. Пад пагрозай можа апынуцца расейска-італьянскі праект пабудовы гэтак званай "Блакітнай Ніткі", газаправоду, якім газ з Касьпійскага мора мае пастаўляцца ў Турцыю.

Італьянская кампанія ЭНІ мае ў гэтым сумесным прадпрыемстве 36% акцыяў. Мяркуецца, што газаправод можа даваць Расеі гадавыя прабыткі ад 3 да 4 мільярдаў даляраў ў год, страта якіх была б для Расеі вельмі балючая.

Аднак ў пытаньні пакаральных крокаў ў дачыненьні да Расеі, на Захадзе няма аднадумнасьці. Прэзыдэнт Клінтан лічыць, што ня трэба прыкладаць сваю руку да разбурэньня кволай, расейскай эканомікі. ЗША ў прыватнасьці ня маюць намеру спыняць штогадовую дапамогу Расеі, тым болей, што яе асноўная частка ідзе на дэмантаж і кантроль за ядзернай зброяй, а таксама на пра-дэмакратычныя праекты.

Дарэчы, многія экспэрты перакананыя, што санкцыі супраць Расеі будуць неэфэктыўныя і, нават, шкодныя. Дырэктар рэгіянальных стратэгічных праграмаў у Ніксанаўскім Цэнтры ў Вашынгтоне Джээфрэй Кэмп перасьцярог, што "увядзеньне санкцыяў супраць Расеі можа даць адваротныя вынікі, паколькі Расея абвострыць сваю палітыку ў раёне Каўказу і Касьпійскага мора".

Некаторыя аналітыкі лічаць, што ў Расеі наступіць далейшы ўсплёск нацыяналізму, які бачны хаця б ў перадыслякацыі ракетных ўстановак "Топаль-М", ў падпісаньні саюзнай дамовы зь Беларусяй, а таксама ў стаўленьні да вайны ў Чачні.

У расейскім грамадзтве далей ўтрымоўваюцца антычачэнскія настроі, якія даюць расейскім сілам ў Чачні "зялёнае сьвятло".

Учора прадстаўнік прэм'ера паведаміў, што ў часе сустрэчы з Пуціным ўсе без выключэньня лідэры галоўных расейскіх партыяў падтрымалі ваенную апэрацыю ў Чачні і разыходзяцца толькі ў спосабах яе правядзеньня.

Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў расейскія палітыкі адбываюць своеасаблівыя паломніцтвы ў Чачню, каб затым перад тэлекамэрамі прадэманстраваць сваю салідарнасьць з расейскімі вайскоўцамі.

Гудэрмэс, ў прыватнасьці, наведаў вельмі непапулярны ў грамадзтве былы віцэ-прэм'ер і кіраўнік дзяржаўнай электрычнай манаполіі Анатоль Чубайс. За выключэньне электрычнасьці ў чэчэнскіх гарадох падняўся нават ягоны рэйтынг. У Чачні рэгулярна паказваецца міністар надзвычайных сытуацыяў Шойгу з партыі "Еднасьць", а ў пятніцу ў рэспубліцы пабываў былы прэм'ер і лідэр партыі "Наш дом – Расея" Чарнамырдзін.

Аднак найболш папулярным палітыкам ў Расеі зьяўляецца прэм'ер Уладзімер Пуцін, які загадаў расправіцца з ісламскімі ваярамі і не саступіў перад крытыкай з боку Захаду. Як і дагэтуль, ён зьяўляецца найлепшым прыкладам таго, як на найбольш нечалавечнай вайне можна пабудаваць сваю палітычную карьеру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG