Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 10 сьнежня)
Сход кіраўніцтва Свабоднага прафэсійнага зьвязу Менскага аўтамабільнага заводу праходзіў сёньня на вуліцы. У такіх умовах мусіць з учорашняга дню працаваць 1,5-тысячная арганізацыя гэтага прафэсійнага зьвязу.

Рада Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу сабралася сёньня каля прахадной прадпрыемства. Абмяркоўвалі, як працягваць дзейнасьць у экстрэмальных умовах. Нагадаю, гэтыя ўмовы склаліся пасьля ўчорашняга гвалтоўнага захопу офісу прафэсійнага зьвязу службаю бясьпекі аўтазаводу, які быў ажыцьцёўлены паводле ўказаньня гэнэральнага дырэктара Валянціна Гурыновіча.

Напярэдадні сёньняшняга сходу з дырэктарам сустрэўся лідэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу Міхал Марыніч. Вось што паведаміў ён нашаму радыё пра вынік сустрэчы:

(Марыніч: ) "Сёньня я запытаў у Гурыновіча, ці мае ён пастанову суда аб закрыцьці ці ліквідацыі першыснай суполкі на МАЗе незалежнага прафсаюза мэталістаў. Ён адказаў, што такой паперы ў яго няма".

Няма сумневу, што гэнеральны дырэктар МАЗу ўсьведамляе перавышэньне сваіх паўнамоцтваў, як усьведамляе і сваю сёньняшнюю беспакаранасьць.

Гэтая беспакаранасьць тлумачыцца ўхваленьнем паводзінаў адміністрацыі МАЗу цяперашнімі ўладамі. У прыватнасьці, ворганы міліцыі і пракуратуры выказалі прамую падтрымку дзеяньням Гурыновіча і ягонага атачэньня.

Апроч таго, што пазасудовым чынам былі сканфіскаваныя памяшканьне й маёмасьць Свабоднага прафэсійнага зьвязу, дык адміністрацыя ня пажадала нават, каб прафзьвязовая Рада праводзіла сход на вуліцы. Накіраваныя паводле ўказаньня адміністрацыі супрацоўнікі службы бясьпекі прадпрыемства гэткім жа гвалтоўным чынам спрабавалі нават тут перашкодзіць працы Рады прафэсійнага зьвязу.

XS
SM
MD
LG