Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Кампутаровую "праблему 2000 году" вырашаюць ня толькі на Захадзе. Да прыкладу, ў Воршы, на мяйсцовай электрастанцыі, яе вырашылі хутка ды нетрадыцыйна.

Новую Варшанскую ЦЭЦ, пабудаваную замежнымі адмыслоўцамі ды на замежныя грошы, вабласное ды мяйсцовае энэргетычнае кіраўніцтва называе ня йначай як станцыяй XXI стагодьдзя. Але, каб сягнуць у тое стагодзьдзе, варшанцам, што эксплюатуюць станцыю, трэба вырашыць праблему 2000 году, хаця б у межах інфармацыйных сыстэмаў канцэрну "Белэнэрга".

Віцебскім вытворчым аб'яднаньнем энэргетыкі ды электрыфікацыі быў вынайдзены найпросты шлях да вырашэньня гэтае праблемы, добра засвоены яшчэ за савецкі час. Гэта шлях бюракратычных адпісак.

У прыватнасьці, не ўдаючыся ў глыбокія навуковыя спрэчкі, галоўнага інжынэра Варшанскае ЦЭЦ забавязалі зацьвердзіць паперыну пад назваю "Акт гатоўнасьці праграмных ды тэхнічных сродкаў". А некалькі начальнікаў паасобных ЦЭЦ-аўскіх падразьдзяленьняў, вельмі далёкіх ад навуковых кампутаровых пошукаў, мусяць падпісаць, па сутнасьці, уласнае абяцаньне таго, што ў ЦЭЦ-аўскіх кампутарах збоеў з-за "праблемы 2000 году" ня будзе.

Падпісаны акт прышпіляць да іншых падобнага кшталту папераў і віцебскае энэргетычнае начальства адрапартуе ў міністэрстве, што ў Воршы ўсё зроблена й падрыхтавана да 2000 году найлепшым чынам. Што будзе 1 студзеня 2000 году насамрэч – невядома.

Дарэчы, некаторыя варшанцы, якія нешта цямяць у кампутарах ды маюць дачыненьне да Ўправы магістальных газаводаў, кажуць, што ЦЭЦ-аўскі шлях – яшчэ ня самы складаны.

Ёсьць прасьцейшы – ва Ўправе магістральных газаводаў, паводле іхных зьвестак, мяркуюць пазбыцца ўсіх старых кампутараў і закупіць усе цалкам новыя, у якіх "праблема 2000", як вы разумееце, зьнятая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG