Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

1999 год, на думку аўтарытэтнай амэрыканскай арганізацыі Human Rights Watch, стаў паваротным пунктам у змаганьні за правы чалавека ў сьвьце. У мінулы чацьвер Human Rights Watch распаўсюдзіла ў Вашынгтоне свой штогадовы даклад, прысьвечаны Міжнароднаму дню правоў чалавека, які адзначаўся 10 сьнежня. А Міжнародная Ліга правоў чалавека правяла ўрачыстую цырымонію ўшанаваньня праваабаронцаў, якія пацярпелі, абараняючы інтарэсы іншых. Сярод адзначаных Міжнароднай Лігай правоў чалавека – і беларускі адвакат Алег Волчак.

Даклад Human Rights Watch сёлета выйшаў больш як на пяцістах старонках, і яго аўтары, прыводзячы пералік шматлікіх парушэньняў правоў чалавека на розных кантынэнтах, усё ж робяць важную выснову: пачынаецца новая эра ў праваабарончым руху. Вось як гэтую думку выказаў Кэнэт Рот, выканаўчы дырэктар арганіазцыі:

(Рот: ) "На наш погляд, найбольшая зьмена ў стане правоў чалавека сёлета – гэта аслабленьне фактару сувэрэнітэту як перашкоды для міжнародных акцыяў у выпадку злачынстваў супраць чалавечнасьці. Цяпер нашмат болей верагоднасьць, што кіраўнікі урадаў, якія зьдзяйсьнялі злачынствы супраць чалавечнасьці, стануць перад судом".

Кэнэт Рот у якасьці прыкладу назваў югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча, які абвінавачаны Міжнародным трыбуналам за яго палітыку этнічных чыстак ў дачыненьні да косаўскіх албанцаў. Але, нягледзячы на гэта, Мілошавіч яшчэ застаецца пры ўладзе. Ацэньваючы міжнародную вайсковую акцыю супраць Югаславіі, Кэнэт Рос адзначыў, што ў гэтым выпадку адбылася вызначальная перамена у стасунках паміж дзяржавай і яе абавязкамі прытрымлівацца сусьветных праваахоўных стандартаў.

Што да тэмы адказнасьці лідэраў, то Кэнэт Рот таксама нагадаў гучную справу былога чылійскага дыктарата Аўгуста Піначэта, якая распачалася на ініцыятыву гішпанскіх уладаў, а таксама тое, што міжнародны суд працягвае сваё расьсьледаваньне справы былых кіраўнікоў, адказных за генацыд у Руандзе.

Аўтары сёлетняга штогадовага дакладу Human Rights Watch, сярод іншага, з асаблівай занепакоенасьцю адзначаюць новы фэномен разьвіцьця беларускай сытуацыі, калі апанэнты ўладаў зьнікаюць пры падазроных абставінах. У дакладзе таксама адзначаецца разгром незалежных мас-медыя.

Учора ж Міжнародная Ліга правоў чалавека правяла цырымонію ўшанаваньня асобаў, якія, абараняючы правы іншых, самі зазналі перасьлед. Так супала, што дата 9 сьнежня цяпер адзначаецца як Дзень праваабаронцы.

Летась, 9 сьнежня 1998 году, арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў прыняла "Дэклярацыю абаронцы" – дакумэнт, у якім узмацняецца права (індывідуальна ці групай) адстойваць і абараняць правы іншых – права, якое дагэтуль слаба прымяняецца ў многіх краінах.

Так што сёлета Дзень праваабаронцы быў адзначаны першы раз.

Міжнародная Ліга правоў чалавека на гэты раз адзначыла беларускага праваабаронцу Алега Волчака, кіраўніка грамадзкай Асацыяцыі прававой дапамогі насельніцтву. Нагадаем, гэты адвакат удзельнічае ў працы камісіі па расьсьледаваньню абставінаў зьнікненьня гэнерала Юрыя Захаранкі, ён дамагаў бацькам дзяцей, якія загінулі на Нямізе. Адвакат Волчак таксама затрымліваўся і быў жорстка зьбіты міліцыяй.

XS
SM
MD
LG