Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 11 сьнежня)
Весьці працэс у справе экс-прэм'ера Міхала Чыгіра будзе судзьдзя Менскага гарадзкога суду Мікалай Самасейка, які ў панядзелак мусіць прызначыць дзень, калі пачнецца працэс.

Міхал Чыгір у панядзелак павінен зьявіцца па выкліку ў гарадзкі суд. Там яго чакае судзьдзя Мікалай Самасейка, якому даручана весьці гэты працэс і які павінен вызначыцца наконт даты, калі пачнецца працэс, і наконт абаронцаў Міхала Чыгіра. Былы прэм'ер распавядае:

(Чыгір: ) "Чакаю матэрыялаў, якія падрыхтавалі пад час сьледзтва пракуратура і міністэрства ўнутраных справаў. Спадзяюся на тое, што разгляд будзе прыстойны, хаця ёсьць падставы, што там ня ўсё чыста будзе, бо пры нармальным разглядзе справы, няма ніякага страху, што я за нешта павінен адказваць. Цяжка сказаць, як будзе, але я спадзяюся на справядлівы разгляд маёй справы".

Калі Міхал Чыгір не губляе аптымізму адносна будучага судовага разгляду, то ягоная жонка й абаронца Юлія Чыгір схільная да насьцярожанасьці. Яна заўважае:

(Ю. Чыгір: ) "Прызначылі судзьдзю для разгляду ягонай справы, які чатыры разы разглядаў мае скаргі аб незаконным утрыманьні яго пад вартай і аб зьмене меры стрыманьня, і які па надуманых прычынах адхіляў гэтыя скаргі, ужо гэта гаворыць аб тым, які можа быць вынік".

Міхал Чыгір падзяліўся інфармацыяй, якую атрымаў з крыніцаў ва ўладных кабінэтах. Згодна з гэтымі зьвесткамі, яшчэ да судовага вэрдыкту магчыма зьяўленьне распараджэньня аб канфіскацыі маёмасьці экс-прэм'ера дзеля пакрыцьця нейкіх мітычных стратаў, якія ён быццам бы нанёс дзяржаве. Такое ў прынцыпе магчыма на падставе 40-га дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, што быў прыняты напрыканцы лістападу.

"Мяне папярэдзілі, што першым, супраць каго будзе выкарыстаны гэты дэкрэт, будзе Віньнікава, а другім я", – паведаміў Міхал Чыгір і дадаў, што не выключае шантажу й запалохваньня падобнымі зьвесткамі.

XS
SM
MD
LG