Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

На ўсiх сустрэчах, што адбылiся за тры днi знаходжаньня ў Менску кiраўнiка рабочай групы па Беларусi Парлямэнцкай асамблеi АБСЭ Адрыяна Севярына, ён абавязкова паўтарае: нягледзячы на адстаўку Мiхала Сазонава з пасады кiраўнiка урадавае дэлегацыi на маючых адбыцца перамовах з апазыцыяй, АБСЭ будзе дамагацца ўзнаўленьня кансультацыяў. Але часам ствараецца ўражаньне, што суразмоўцы Севярына ня вельмi вераць у тое, што ягоныя словы спраўдзяцца.

Першы сваеасаблiвы дэмарш супраць Севярына наладзілі ў нядзелю жонкi вядомых беларускiх палiтыкаў, якiх ён запрасiў "на кубачак гарбаты" – менавiта такi назоў мела гэтае мерапрыемства. Спачатку Зiнада Ганчар адмовiлася ад запрашэньня, а пасьля ўжо пад час размовы Вольга Захаранка ў вострай форме абвiнавацiла АБСЭ, што гэта мiжнародная арганiзацыя нібыта ня прымае патрэбных захадаў дзеля ўсталяваньня дэмакратыi ў Беларусi.

Жонка Юрыя Захаранкi нагадала: у параграфе 22 Стамбульскае дэкларацыi, якi чыноўнiкi АБСЭ выдаюць за вялiкi посьпех Стамбульскага самiту, няма нават узгадваньня пра палiтычных вязьняў, пра таямнiча зьнiклых апазыцыйных палiтыкаў.

Адрыян Севярын спрабаваў пераканаць жанчын у тым, што АБСЭ многае робiць, каб дамагчыся ад беларускiх уладаў высьвятленьня лёсу зьнiклых, але, маўляў, пакуль анiякага прагрэсу ў гэтым кiрунку няма. Пры гэтым кiраўнiк рабочае групы па Беларусi нагадаў: група дамаглася вызваленьня з-за кратаў Мiкалая Статкевiча й зьмяненьня меры стрыманьня Мiхалу Чыгiру.

У панядзелак пад час сустрэчы з экпэртамi па СМI ад апазыцыi сп. Севярын зноў закрануў тэму вызваленьня Стакевiча й Чыгiра, але ўжо ў iншым кантэксьце.

Паводле ягоных словаў, у АБСЭ iснуюць два комплексы захадаў у адносiнах да Беларусi. Першы – гэта, так бы мовiць, кароткатэрмiновы, калi трэба вырашаць бягучыя пытаньнi накшталт вызваленьня Статкевiча ў кастрычнiку. I другi – доўгатэрмiновы, калi на першы плян выходзяць больш працяглыя акцыi – напрыклад, доступ палiтычнай апазыцыi да мас-мэдыя, або распрацоўка новага закону аб выбарах у парлямэнт.

Севярын упэўнены: гэтыя праблемы зь цягам часу будуць вырашаныя. Але ягоных суразмоўцаў вельмi насьцярожвае той факт, што рэальныя справы на гэтым шляху увесь час адкладваюцца.

А АБСЭ не заўсёды выяўляе настойлiвасьць у падрыхтоўцы перамоўнага працэсу. Найбольш яскравы прыклад, як лiчыць экспэрт Ул.Нiсьцюк – тое, што экспэрты абодвух бакоў ня зьбiралiся фактычна ўжо месяц. Так, Сазонаў сышоў у адстаўку. Але ж на сваiм мейсцы застаецца кiраўнiк экспэртавае групы па СМI ад урадавага боку Павал Якубовiч. I група АБСЭ ў Менску магла б настойваць на ўзнаўленьнi кансультацыяў.

Як нi дзiўна, на сяньняшнi дзень урадавая дэлегацыя, якая фактычна адмовiлася ад падрыхтаванага й падпiсанага пратаколу доступу палiтычнай апазыцыi да ўрадавых мас-мэдыя, не паведамiла сп. Вiку пра тое, што канкрэтна не задавальняе ўрадавы бок у пагадненьнi. А група АБСЭ, падобна, гэтага й не патрабуе. Зразумела, што рухацца наперад у такiх умовах проста нямагчыма.

Падобна на тое, што гэтая крытыка пэўным чынам паўплывала на мiжнародных чыноўнiкаў. Кiраўнiк групы АБСЭ ў Менску Гангс-Георг Вiк напрыканцы размовы з экспэртамi запэўнiў iх, што зьвернецца да ўрадавага боку з наступнай прапановаю: немагчыма бясконца чакаць, калi знойдзецца замену Сазонаву, працэс кансультацыяў трэба ўзнаўляць, а таму прызначайце кагосьцi, хто мог бы нават хаця б часова выконваць функцыi кiраўнiка ўрадавае дэлегацыi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG