Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 11 сьнежня)
У сыботу, 11 сьнежня ў Менск прыляцеў кіраўнік рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын. Цікава, што з моманту ягонага папярэдняга візыту ў Менск прайшло крыху больш за месяц. Чым выкліканае такое частае наведваньне Беларусі спадаром Севярынам?

Галоўным скандалам візыту Адрыяна Севярына ў Менск можа стаць адмова Аляксндра Лукашэнкі ад сустрэчы з кіраўніком рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. На сёньняшні дзень вядома, што пакуль Лукашэнка катэгарычна адмаўляецца ад размовы зь Севярынам.

Мэту чарговага прыезду Адрыяна Севярына дакладна акрэсьліў кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. Паводле ягоных словаў, рабочая група па Беларусі і яе кіраўнік надзвычай заклапочаныя тым, што перамовы паміж урадавым бокам і палітычнай апазыцыяй да гэтага часу фактычна не пачаліся. І таму чарговы візыт у Менск сп. Севярына робіцца дзеля таго, каб – далей я цытую сп. Віка – "надаць перамоўнаму працэсу новы імпульс".

Першы такі імпульс быў дадзены 30 кастрычніка сёлета. Менавіта ў той дзень Адрыян Севярын сустракаўся ў Менску з Лукашэнкам, менавіта тады Лукашэнка запэўніваў госьця, што дыялёг паміж уладамі і апазыцыяй будзе праходзіць у спакойнай працоўнай атмасфэры.

На заключнай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік АБСЭ, нагадаю, асабліва падкрэсьліў свае надзеі на тое, што вось-вось беларуская апазыцыя атрымае доступ да дзяржаўных мас-мэдыя, што хутка будуць вызваленыя палітвязьні, што з дапамогаю групы АБСЭ ў Менску канфліктуючыя бакі змогуць разам працаваць над праектам выбарчага кодэксу, на падмурку якога ў 2000 годзе й пройдуць свабодныя і дэмакратычныя выбары.

Цяпер высьвятляецца, што гатыя надзеі ня спраўдзіліся. Фактычна ўлады саступілі толькі ў адным пытаньні – зьмяненьні меры стрыманьня былому прэм'еру Чыгіру. У астатніх прынцыповых дамоўленасьцях сп. Севярына з уладамі або ўсё застаецца па-ранейшаму, або справы нават зьмяняюцца ў горшы бок, што яскрава бачна на прыкладзе фактычнай дэзавуацыі ўжо падпісанага экспэртамі з абодвух бакоў пагадненьня аб доступе апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя.

Але падобна на тое, што вырашаць пытаньні спадару Севярыну проста ня будзе з кім. Усе ведаюць, без асабістай згоды Лукашэнкі аніводнае рашэньне ня будзе мець сілы. Прыклад з Сазонавым таму чарговае падцьверджаньне.

І таму, калі патрэбна нейкіх зьменаў, пра іх трэба дамаўляцца непасрэдна з Лукашэнкам.

Але паводле Ганса-Георга Віка, усе ягоныя спробы зарганізаваць новую сустрэчу Севярына й Лукашэнкі пакуль плёну не даюць. Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў афіцыйна паведаміў Віку, што такой неабходнасьці няма. Праўда, сп. Вік працягвае свае захады, але разам з тым ён прызнаецца, што шанцы на яе вельмі малаверагодныя. Таму самай высокай асобаю, ад якой Севярын зможа запатрабаваць тлумачэньня, хутчэй за ўсё будзе міністар замежных справаў Урал Латыпаў.

Увечары 11 сьнежня у Адрыяна Севярына заплянаваныя два мерапрыемствы – размова з супрацоўнікамі групы КНГ АБСЭ ў Менску і вячэра з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі ад краінаў, што ўваходзяць у ЭўраЗьвяз. Заўтаршняя праграма цалкам ня выпрацаваная, але ўжо вядома, што першым, з кім сустрэнецца сп. Севярын у нядзелю, будзе Міхал Чыгір.

XS
SM
MD
LG