Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня ў Празе беларусы Чэхіі, аб'яднаныя ў суполку "Скарына", правялі пікет супраць аб'яднаньня Беларусі і Расеі. Галоўным лёзунгам акцыі, якая адбылася ў цэнтры чэскай сталіцы, на Вацлаўскай плошчы, быў надпіс "Беларусь ніколі ня будзе расейскай правінцыяй".

Роўна тыдзень назад, у мінулы панядзелак, беларусы, якія жывуць ці працуюць у Чэхіі, таксама пратэставалі – супраць падпісаньня саюзнай дамовы.

Сёньняшні пікет супаў з ратыфікацыяй Дамовы ў Дзяржаўнай Думе Расейскай Фэдэрацыі.

Дэманстранты пачалі акцыю ля расейскай амбасады. Яна была не працяглай, бо паліцыя запатрабавала дазвол. На Вацлаўскай плошчы ў Празе сабралося каля ста чалавек. Было шмат журналістаў – прадстаўнікоў вядучых чэскіх газэтаў і тэлебачаньня. Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была выказаная падзяка чэхам за салідарнасьць. Гаворыць намесьнік старшыні чэскага Гэльсынскага камітэту Вацлаў Троян:

(Троян: ) "Тое, што сёньня зрабіла расейская Дзяржаўная Дума, паказала, як мала цікавяць расейскую палітыку парушэньні дэмакратычных прынцыпаў у Эўропе. На маю думку, асноўная праблема, ад якой узьнікаюць усе іншыя, – спрэчная легітымнасьць Лукашэнкі. Падпісваць хоць нейкую дамову зь нелегітымным прэзыдэнтам – гэта крок, які з самага пачатку паказвае імпэрскую, недэмакратычную палітыку Расеі, якая, у рэшце рэшт, вядзе да таго, што раней было Савецкім Саюзам".

Гэта быў Вацлаў Троян – намесьнік старшыні чэскага Гэльсынскага камітэту. А мы пацікавіліся меркаваньнямі людзей, якія далучыліся да акцыі, чаму яны прыйшлі на Вацлаўскую плошчу Першы чалавек прадставіўся Валянцінам.

(Валянцін: ) "Я не галасаваў за Лукашэнку ніколі, бачыў, што ён падманвае і падманваў з самага пачатку. Падмануў сваіх сяброў, якія яго падтрымлівалі, выгнаў ці пасадзіў у турму. Таму я супраць усяго гэтага саюзу".

(Карэспандэнт: ) "Вы беларус?"

(Валянцін: ) "Я так, сумесь, але ўсё жыцьцё пражыў у Беларусі".

Наступны мой суразмоўца – Віктар – сказаў, што пра акцыю дазнаўся з выпуску навінаў па адным з праскіх радыё і па дарозе на працу прыйшоў на пікет.

(Віктар: ) "Я нічога ня думаю пра палітыку цяперашніх уладаў Беларусі. Як там нічога не было, так і ня будзе нічога. Было гора ў Беларусі, гора і застанецца. Шкада, што ж зробіш. Я, інжынер, мушу рабіць у Чэскай Рэспубліцы ужо два гады, ужо чэскую мову рпазумею лепш, чым родную, дык што я зраблю?"

Бальшыня сёньняшніх пікетоўцаў – палітычныя ўцекачы зь Беларусі. Яны спрабуюць наладзіць жыцьцё ў Чэхіі, аднак балюча перажываюць тое, што Беларусь можа страціць незалежнасьць. Гаворыць сябра партыі Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка Мікола Занька:

(Карэспандэнт: ) "Супраць чаго Вы пратэстуцеце? Супраць чаго Вы выйшлі на гэтую плошчу?"

(Занька: ) "Мы, беларусы, якія знаходзяцца ў Чэхіі выйшлі за незалежнасьць беларусі, за сваю Бацькаўшчыну. Тое, што зараз робіцца паміж Беларусяй і Расеяй, гэта ня толькі я адзін, але і ўсе беларусы ня могуць зразумець. Вось Чачня, вось тое, што Лукашэнка заяўляе, што мы ў любы момант можам вярнуць ядзерную зброю на Беларусь. Нам дастаткова той станцыі, якую зараз будуюць у Ганцавічах, і да новага году закончаць…Гэта будзе другі Чарнобыль.

А яшчэ калі гэты саюз замацуецца, хоць я ў гэта і ня веру, нашыя маладыя хлопцы зноў пойдуць у Чачню ці ў іншыя баявыя кропкі. Гэта нам не патрэбна".

Гэта быў Мікола Занька. У руках маленькага хлопчыка я ўбачыла раздаваную ўлётку на чэскай мове - пратэст супраць ліквідацыі незалежнасьці Беларусі.

Вось так пракамэнтаваў сваю палітычную пазыцыю самы малады ўдзельнік пікету, арганізаванага беларусамі Чэхіі:

(Карэспандэнт: ) "Цябе як завуць?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Сьвецік".

(Карэспандэнт: ) "А цябе?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Славамір".

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы прыйшлі сюды?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Мы прыйшлі на дэманстрацыю".

(Карэспандэнт: ) "Супраць чаго?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Расеі".

(Карэспандэнт: ) "Ты выступаеш супраць Расеі?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Голас дзіцяці па-беларуску: ) "Мы іх ня любім. Мы ня любім Лукашэнку".

XS
SM
MD
LG