Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў "БДГ" апублікаванае інтэрвію з Тамарай Віньнікавай. Ейнае зьяўленьне пасьля васьмі месяцаў, на працягу якіх пра яе не было аніякіх дакладных зьвестак, стала сапраўднай сэнсацыяй. Адзіная зь беларускіх журналістаў, каму ўдалося паразмаўляць з экс-старшынёй Нацыянальнага банку – намесьнік галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" Ірына Халіп. Менавіта ёй першай Тамара Віньнікава дала інтэрвію пасьля працяглага маўчаньня. Інтэрвію Ірыны Халіп нашай службе…

(Карэспандэнт: ) "Ірына, скажыце, для Вас званок Тамары Віньнікавай быў поўнай нечаканасьцю?"

(Халіп: ) "Вы ведаеце, гэта, нават, мякка сказана – поўнай нечаканасьцю. Для мяне гэта быў шок, і спачатку я, нават, ня ведала, што я павінна рабіць, што я павінна казаць. Толькі нейкія асобныя словы я магла вымавіць.

Толькі потым ужо, калі я пазнала яе, калі я задавала, скажам так, кантрольныя пытаньні, я ўжо пераканалася, што гэта – яна, і тады ўжо змагла гаварыць зь ёй нармальна".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, на Вашую думку, тут ня можа быць нейкай правакацыі?"

(Халіп: ) "Не, тут ня можа быць правакацыі. Я так думаю. Таму што, сапраўды я распытвала нейкія такія рэчы, якія ведаць магла толькі яна, і якія яшчэ ніколі нідзе не друкаваліся".

(Карэспандэнт: ) "Чаму, на Вашую думку, яна патэлефанавала менавіта ў "Белорусскую деловую газету?"

(Халіп: ) "Яна патэлефанавала пэрсанальна мне. Я думаю, што гэта зьвязанан з тым, што Тамара Дзьмітрыеўна ўсё ж ставіцца да мяне з павагай, заўсёды чытала мае артыкулы, і, нават, расказвала, што ў турме яны дапамагалі ёй жыць".

(Карэспандэнт: ) "Ірына, Вам што-небудзь вядома наконт таго, адкуль, зь якой краіны тэлефанавала экс-старшыня Нацыянальнага Банку?"

(Халіп: ) "Не, Вы ведаеце, я нават не спрабавала гэта высьветліць, таму што гэта тая інфармацыя, якая можа толькі пашкодзіць і ёй, і мне".

(Карэспандэнт: ) "Атрымліваецца, меў рацыю Аляксандар Лукашэнка, калі сьцьвярджаў, што ягоныя спэцслужбы засяклі Віньнікаву недзе пры пералёце зь Лёндану ў Тэль-Авіў?"

(Халіп: ) "А вось я ня ведаю, ці сапраўды засяклі яе спэцслужбы, мы пра гэта не гаварылі. Можа і меў рацыю…"

(Карэспандэнт: ) "Распавядзіце трохі пра тое, як паводзіла сябе Тамара Віньнікава пад час размовы. Які ў яе быў голас, ці была яна ўсхваляваная?"

(Халіп: ) "Я думаю, што яна была ўсхваляваная, і шчыра Вам скажу, спачатку яна не зьбіралася адказваць на мае пытаньні, яна зьбіралася толькі прадыктаваць сваю заяву. Мне давялося даволі доўга прасіць яе адказаць усё ж-такі на мае пытаньні. Можна было заўважыць, што яна вагаецца. Напэўна, яна разумела, што тэлефанаваць да мяне сюды ў рэдакцыю – гэта небясьпечна, і што гэтую гутарку трэба скончыць як мага хутчэй".

(Карэспандэнт: ) "Ірына, ці патлумачыла спадарыня Віньнікава, чаму яна аб'вілася толькі праз 8 месяцаў пасьля свайго таямнічага зьнікненьня?"

(Халіп: ) "Таму што толькі праз 8 месяцаў яна, у рэшце рэшт, апынулася ў бясьпецы. Зараз ёй нішто не пагражае".

(Карэспандэнт: ) "Пасьля апублікаваньня інтэрвію зь Віньнікавай, Вам не было тэлефонаў з ворганаў, якія займаюцца пошукам былой старшыні Нацыянальнага Банку?"

(Халіп: ) "Пакуль што – не. Але мае калегі расказвалі, што яны спрабавалі патэлефанаваць у Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі, каб дастаць нейкі камэнтар, але як выявілася, супрацоўнікі дзяржаўнай бясьпекі ніяк ня могуць купіць газэту. Людзі штосьці чулі, і ўсе стаяць на вушах, але газэту купіць яны ня могуць, бо ранішні наклад ужо разыйшоўся, а той, што паступіць у "Саюздрук" увечары, яшчэ не зьявіўся. Вось так у нас працуюць спэцслужбы".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш пасьля інтэрвію засталося шмат пытаньняў, на якія яшчэ няма адказаў. Ці плянуецца працяг размовы зь вядомай уцякачкай?"

(Халіп: ) "Вядома ж, плянуецца даволі шчыльнае супрацоўніцтва".

Прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў на працягу ўсяго сёньняшняга дню не выяўлялі цікавасьці да асобы Ірыны Халіп і да інфармацыі, якую паведаміла журналістцы Тамара Віньнікава. Толькі напрыканцы працоўнага дню Ірыне патэлефаніў начальнік управы грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Фёдар Котаў, які папрасіў сустрэцца зь ім і паабяцаў дзеля гэтага прыехаць у рэдакцыю БДГ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG