Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі Ўладзімер Шчасны ў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода пацьвердзіў, што Тамара Віньнікава некалькі тыдняў таму наведвала свайго сына ў Лёндане.

(Шчасны: ) "Справа ў тым, што мне пазванілі зь Менску і сказалі, што ў Менску цыркулююць такія чуткі, што Тамара Віньнікава знаходзіцца ў Лёндане і сапраўды зьвярнулася ў Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі. І мне сказалі, што мы ня ведаем аб знаходжаньні Віньнікавай зараз, але раней яна наведала сына ў Лёндане".

(Карэспандэнт: ) "І гэта калі было, прыкладна, месяц таму?"

(Шчасны: ) "Ну вось я спытаў, калі гэта было, яны сказалі, што ня памятаюць дакладна, але, скажам, тры тыдні альбо месяц таму".

(Карэспандэнт: ) "І скажыце, якія Вы ў сувязі з гэтым дыпляматычныя захады зьбіраецеся прадпрыняць?"

(Шчасны: ) "Ведаеце, цяпер ідуць перамовы з цэнтрам, зь Менскам, і якія будуць указаньні, такія будзем рабіць… Тут трэба зьвярнуць увагу на тое, што ўсё-ткі інфармацыя гэтая была перададзеная Інтэрполу, і, наколькі я ведаю, Вялікая Брытанія зьяўляецц членам гэтай арганізацыі. Я думаю, што варта было паведаміць гэтай арганізацыі аб знаходжаньні Віньнікавай. Таму што чуткі хадзілі, што яе няма ў жывых. Хаця б паведамілі, што яна жывая".

(Карэспандэнт: ) "А яна афіцыйна там была, у Вялікай Брытаніі, зарэгістравалася недзе?"

(Шчасны: ) "Я ня ведаю. Мне толькі паведамілі, што яна наведвала сына, а наколькі Вы ведаеце, сын сапраўды жыве зараз у Вялікай Брытаніі".

(Карэспандэнт: ) "Вы пакуль, асабіста, яшчэ ніякіх не прадпрымалі захадаў, ніякіх там ні пратэстаў, ні нотаў, нічога пакуль што?"

(Шчасны: ) "Пакуль не. Я чакаю інструкцыяў з цэнтру. Мне Foreign Office не пацьвердзіў, што яна знаходзіцца зараз у Лёндане. Яны сказалі, што ёсьць права на канфідэнцыяльнасьць, якога яны прытрымліваюцца".

(Карэспандэнт: ) "А скажыце, калі ласка, паводле міжнароднага заканадаўства, вось гэтая справа, скажам, абавязкі перад Інтэрполам і канфідэнцыйнасьць інфармацыі – якая ёсьць тут мяжа, як яны суадносяцца ў такіх сытуацыях, калі адно супярэчыць другому. Як паводле заканадаўства трэба паступаць?"

(Шчасны: ) "Ведаеце, тут не такі просты ёсьць адказ на пытаньне, што Вы задалі, пра Інтэрпол і пра гэта. Вы ня першая, што пытаецеся, у мяне ўжо многія пытаюцца, як вось можна супаставіць гэтыя дзьве рэчы. Я ня мог вывучыць гэтыя даволі далікатныя моманты".

XS
SM
MD
LG