Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У часе, калі расейскія сілы рыхтуюцца да буйнамаштабнай атакі на Грозны, з боку міжнароднае грамадзкасьці ўзмацняецца націск на Расею. У адрозьненьне ад ЗША, якія ня схільныя стасаваць нейкія радыкальныя захады ў дачыненьні да Масквы, лідэры краін – членаў Эўразьвязу, што праводзяць ў Гэльсынкі двухдзённую канфэрэнцыю, уключаюць, нават, магчымасьць эканамічных санкцыяў супраць Расеі.

Жорсткая расправа над насельніцтвам Чачні выклікае войструю крытыку ў адрас Масквы. Учора да хору крытыкі далучыліся ўсе разам лідэры 15-ці краін – членаў Эўразьвязу, якія сёньня пачынаюць ў Гэльсынкі двухдзённую канфэрэнцыю. Яны заклікалі Маскву знайсьці мірную разьвязку канфлікту ў Чачні. Лідэры Вялікай Брытаніі, Францыі ды Італіі перасьцераглі Маскву, што ейная ваенная апэрацыя ў Чачні выкліча міжнародныя санкцыі, якія нэгатыўна адаб'юцца на слабой эканоміцы Расеі. Кіраўнік МЗС Фінляндыі Алек Аальто ў прыватнасьці заявіў:

(Аальто: ) "У валоданьні Эўразьвязу шэраг спосабаў ціску на Расею. Канешне, нашай асноўнай мэтай павінна быць заахвочваньне, настойваньне і ціск на Расею, каб схіліць яе да палітычнай разьвязкі канфлікту і зьмякчэньня гуманітарнай трагедыі. Адначасова, кожны ўсьведамляе той факт, што агульныя рамкі нармальнага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Эўразьвязам моцна звузіліся"

Сёньня, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак заявіў, што ён "ў шоку ад расейскіх дзеяньняў ў Чачні".

"Непрыймальнымі" назваў іх каардынатар зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Салана.

Канцлер ФРГ Шродэр заклікаў расейскага прэм'ера паўстрымацца ад поўнага разбурэньня Грознага, ў якім засталіся цывільныя жыхары.

Міністар замежных справаў ФРГ Фішэр назваў канфлікт ў Чачні "каланіяльнаю вайною і актам барбарства".

Як сказаў міністар абароны ФРГ Шарпінг:

(Шарпінг: ) "Гэта абсалютна ясна, што мы скарыстаем любую магчымасьць ўплыву на разьвіцьцё падзеяў ў Чачні. Мы паважаем права Расеі на забесьпячэньне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці і на барацьбу з тэрарызмам, але тое, як Масква гэта робіць, абсалютна непрыймальнае".

Аб тым, што расейскія дзеяньні ў Чачні даюць адваротныя вынікі, шмат разоў заяўляў прэзыдэнт ЗША Клінтан. У адказ на ягоную апошнюю крытыку Барыс Ельцын, які знаходзіцца з афіцыйным візытам ў Кітаі, параіў яму не забываць, што "Расея – краіна зь вялікім ядзерным патэнцыялам, і ніхто ня будзе ёй дыктаваць, як яна мае жыць". "Гэта мы з Кітаем хутчэй за ўсё будзем дыктаваць іншым", –напышліва адзначыў ён. Пасьля гэтага прэм'ер Пуцін спрабаваў зьмякчыць вайстрыню слоў Ельцына, а прэзыдэнт ЗША адзначыў, што "ня трэба занадта ўсур'ёз ставіцца да такіх заяваў.

Аднак ў адносінах паміж Расеяй і Захадам ўжо наступіла відавочнае пахаладаньне, хаця, з другога боку, Вашынгтон хацеў бы пазьбегнуць нейкіх пакаральных крокаў.

Паводле прэзыдэнта Клінтана, трэба далей дапамагаць Расеі, паколькі асноўная частка сродкаў ідзе на дэмантаж і забесьпячэньне ядзернае зброі ды фінансаваньне праектаў, якія спрыяюць умацаваньню дэмакратыі ў Расеі.

Прэзыдэнт Клінтан лічыць, што "Расея ўжо і так плаціцть высокую цану за вайну ў Чачні".

XS
SM
MD
LG