Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Ці будзе мець эканамічныя здабыткі Беларусь, калі ажыцьцявіцца хаўрус з Расеяй?

Пра выйгрыш казаць проста несур'ёзна. "Нічога станоўчага эканамічная дамова з Расеяй для эканомікі Беларусі не дасьць",– заяўляе былы кіраўнік ураду Міхал Чыгір. Зь ім згаджаецца экс-міністар працы Аляксандар Сасноў. Ён лічыць, што "калі й адбудзецца рэальнае аб'яднаньне эканамічных сыстэмаў, то беларуская эканоміка перажыве ад гэтага толькі вялікі спад".

Такія ж меркаваньні і ў вядомага эканаміста, прэзыдэнта беларускага аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі. Ён падкрэсьлівае, што нашыя ілюзіі адносна хаўрусу з Расеяй "могуць па нас жа і ўдарыць. Ужо цяпер дэвальвацыя расейскага рубля прывяла да зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на расейскім рынку, і наш экспарт у Расею значна скараціўся". Па ўсім відаць, што гэтая тэндэнцыя будзе мець працяг.

Да адмоўнай ацэнкі эканамічнага боку дамовы з Расеяй аб хаўруснай дзяржаве схіляе і сыстэмны аналіз:

Па-першае, стварэньне адзінай эканамічнае прасторы немагчымае. У Расеі гаспадарка пераважна рынкавая, у нас – камандава-адміністратыўная. Мала гэтага, расейскі вытворчы капітал – крымінальны. І першае, што ён зробіць – перанясе гэтую хваробу на Беларусь.

Па-другое, рэжым Лукашэнкі спрабуе схаваць канцы ў ваду сваёй безгаспадарчасьці і некампэтэнтавасьці, з прычыны якіх асноўны капітал краіны праедзены амаль дашчэнту. Патрэбныя мільярдавыя валютныя крэдыты. Па ўсім відаць, Захад іх не дасьць, а Расея сама стаіць з працягнутай рукою.

Па-трэцяе, дарэмны спадзеў, што Расея зьнізіць кошты на энэрганосьбіты ды транспартавыя паслугі для Беларусі. Расейскі прыватны сэктар можа гэта зрабіць, калі ўрад кампэнсуе страты, што немагчыма з-за многіх прычынаў.

Па-чацьвертае, хаўрус прывядзе ў эканоміцы да стварэньня фінансава-прамысловых групаў. На іх грунце Расея, якая валодае большым капіталам, умацуе свае пазыцыі, а Беларусь страціць. Прыкладам гэтага ўжо сёньня можа быць збудаваньне расейскага газавага тэрміналу каля Бярэсьця. Гаспадар газу – Расея, а калі здарыцца якое няшчасьце, то другі Чарнобыль дастанецца Беларусі.

Па-пятае, наіўна спадзявацца, што Расея заўсёды будзе рынкам збыту прадукцыі беларускага машынабудаваньня. Там паўстануць уласныя гіганты і ўзьнікне жорсткая канкурэнцыя, што назіраецца ўжо сёньня.

Па-шостае, хаўрус небясьпечны й для насельніцтва тым, што прывядзе да неадкладнага росту цэнаў. Напрыклад, 1 літар малака каштуе ў Маскве 13 рублёў, ці 350 000 беларускіх рублёў. Хто зь беларусаў можа плаціць такія грошы за харчовыя прадукты?

Нарэшце, па-сёмае, Расея завінавацілася ўсяму сьвету 160 млрд. даляраў, па 1076 даляраў на чалавека. Калі станецца адзіная дзяржава, то гэтыя непамерныя запазычанасьці будуць плаціць і беларусы.

Вось і ўсе гэтак званыя эканамічныя выйгрышы Беларусі й беларусаў ад хаўруснае дамовы з Расеяй.

XS
SM
MD
LG