Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У айчынных і замежных прадпрыймальнікаў, якія працуюць у Беларусі, шмат праблемаў. Пра гэта сьведчыць прыклад аўстрыйскага бізнэсмэна, які распачаў вытворчасьць каўбасных вырабаў у Полацку.

Мяйсцовыя ўлады прапаноўвалі яму то ўзяць удзел у суботніку, то пералічыць нейкія грошы дзеля іхных патрэбаў. Ён не заўсёды прыслухоўваўся да гэтых просьбаў. У выніку падатковая інспэкцыя налічыла яму штраф за тое, што пад час вытворчасьці каўбас ня ўлічваў вагу хвастоў жывёлінаў.

Натуральна, што ад аналягічных праблемаў церпяць і айчынныя бізнэсмэны, якіх, дарэчы, засталося няшмат. Аднак аўстрыйскі бізнэсмэн – ледзь не адзіны, хто захацеў распавесьці пра свае праблемы сродкам масавай інфармацыі.

Без перабольшваньня некалькі тыдняў спрабавала я знайсьці прадпрыймальніка, які стала працуе ў Беларусі і захацеў бы расказаць пра беларускі эканамічны клімат і пра свае стасункі з уладамі.

Прадпрымальнікі, якія працуюць легальна, не жадаюць прыцягваць да сябе ўвагу – яны проста запалоханыя. З другога боку, ёсьць шэраг бізнэсмэнаў, хто ня мае аніякіх праблемаў, таму што на самой справе працуе на ўладу. Але, зразумела, такія людзі на кантакт не йдуць. Дарэчы, і праблемы беларускай эканомікі для іх зьяўляюцца нечым далёкім. Так што няшмат гісторыяў будзе расказана зь першых вуснаў. Вонкавую гандлёвую дзейнасьць у Беларусі будуць камэнтаваць пераважна экспэрты.

Сёньня свае меркаваньні наконт скарачэньня вонкавае гандлёвае дзейнасьці ў Беларусі выкажа прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Летуве й Беларусі Марк Хортан.

(Карэспандэнтка: ) "Як вы можаце пракамэнтаваць сытуацыю, якая склалася сёньня ў беларускім вонкавым гандлі?"

(Хортан: ) "У выніку расейскага фінансавага крызысу беларускі вонкавы гандаль скараціўся. Крызыс паўплываў адначасова на экспарт і на імпарт. Як вынік, быў практычна зьліквідаваны дэфіцыт вонкаэканамічнае дзейнасьці. Паколькі ён ня быў празьмерна высокім напярэдадні расейскага крызысу. Так што сёньня можна сьцьвярджаць, што ў беларускім вонкавым гандлі дасягнуты нейкі балянс.

Можна казаць пра пазытыўныя і нэгатыўныя аспэкты гэтай сытуацыі. Што тычыцца пазытыўнага, то я хацеў бы адзначыць – любы дэфіцыт трэба фінансаваць. Напярэдадні крызысу ў Беларусі былі праблемы зь фінансаваннем адмоўнага сальда. Пра праблемы зь фінансаваньнем крытычнага імпарту яскрава сьведчыла сытуацыя з запазычанасьцю "Газпраму".

Цяпер, калі Беларусь фактычна ня мае дэфіцыту ў вонкавым гандлі, яго не патрэбна й фінансаваць. Гэта можна назваць пазытыўным элемэнтам. Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь не ўжывае іншыя крыніцы фінансаваньня. Тут няма наўпроставага замежнага фінансаваньня, вонкавых пазыкаў, іншых відаў крэдытаваньня, якія маглі б дапамагчы ў сытуацыі, калі імпарт перавышае экспарт.

Але ж ёсьць і значныя нэгатыўныя аспэкты. Сёньня ў Беларусі скарачаецца адначасова і экспарт, і імпарт. Дэфіцыт вонкавага гандлю паменшыўся ня ў выніку паляпшэньня сытуацыі з экспартам. Недахоп валюты і тое, што адбываецца зь беларускім рублём, сьведчыць пра праблемы з экспартам. Асноўным рынкам для Беларусі была Расея, але гэты рынак пасьля крызысу стаў слабы. У выніку Беларусі стала складана павялічваць свой экспарт. І гэта – нэгатыўны аспэкт".

Сёньня мы раскажам пра гандлёвыя стасункі зь Летуваю – блізкай суседкаю Беларусі.

Абедзьве краіны яшчэ нядаўна ўваходзілі ў адзіную дзяржаву. Але іх эканомікі пайшлі рознымі шляхамі. І гэта можна адчуць ужо на беларуска-летувіскае мяжы. Розьніца відавочная і ў сельскай гаспадарцы. Клімат у Летуве й Беларусі амаль аднолькавы. Ураджай – абсалютна розны. Сёлета Беларусь нават вымушаная купляць збожжа ў Летуве.

У параўнаньні зь мінулым годам таваразварот паміж Беларусьсю й Летувай значна скараціўся. За першыя 10 месяцаў мінулага году ён склаў больш за 302 мільёны даляраў, за аналягічны пэрыяд сёлета – каля 227 мільёнаў. Экспарт зь Беларусі ў Летуву падвысіўся – за 10 месяцаў летась ён складаў 123 мільёны даляраў, у гэтым годзе – 141. У той жа час паменшыўся імпарт. За 10 месяцаў мінулага году ён складаў каля 179 мільёнаў даляраў, сёлета – толькі 86 мільёнаў.

Але беларускае кіраўніцтва ня можа лічыць сябе пераможцам у сувязі з тым, што сальда з адмоўнага стала станоўчым. Справа ў тым, што летась імпарт зь Летувы складаўся пераважна з электраэнэргіі.

Беларусь за энэргію не разьлічвалася. Запазычанасьць у выніку дасягнула каля 100 мільёнаў даляраў. Таму ў мінулым годзе імпарт быў значна большы за экспарт. Сёлета сытуацыя адваротная. З прычыны запазычанасьці пастаўкі зь Летувы спыніліся. У той жа час Беларусь пачала пастаўляць сваю прадукцыю ў залік пазыкі. Напэўна, да канца году сытуацыя ў вонкагандлёвым балянсе зь Летуваю ізноў зьменіцца, паколькі цяпер Беларусь купляе там збожжа.

XS
SM
MD
LG