Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту лічыць, што сытуацыя з правамі чалавека ў краіне за апошні год істотна пагоршылася. Паводле словаў праваабаронцаў, цяпер улады паставілі пад сумнеў такое фундамэнтальнае палажэньне, як права нацыі на дзяржаўнасьць сваёй краіны.

Пра стан правоў чалавека ў Беларусі й пэрспэктывы праваабарончае працы кіраўніцтва БГК распавядала сёньня пад час прэсавае канфэрэнцыі, прысьвечанае 51-й гадавіне Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чалавека. Гэта было сваеасаблівае падсумаваньне вынікаў працы БГК за 1999 год.

Старшыня Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька адзначыла, што беларускія ўлады пакуль не жадаюць паводзіць сябе як кіраўніцтва цывілізаваных краінаў і таму ўсім праваабарончым арганізацыям трэба дапамагчы ім зразумець, што правы чалавека не зьяўляюцца нутранай справаю асобнае краіны.

Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) "Мы калі гаворым пра правы чалавека, мы правільна зьвяртаем увагу на рэалізацыю замацаваных у заканадаўчых актаў правоў, на канкрэтныя асобы. Але ў нас сёлета парушаюцца правы ня толькі канкрэтнага чалавека, якія будуць парушацца, пакуль існуе дзяржава. У нас створаныя ўмовы для масавых парушэньняў. Гэльсынскі камітэт заўсёды гэта падкрэсьлівае: у нас няма дэмакратычна абранага парлямэнту, мы пазбаўленыя магчсымасьці браць удзел у кіраваньня сваёй дзяржавай, у нас ня дзейнічае незалежная судовая сыстэма, пад пагрозай самое існаваньня нашай дзяржавы".

У наступным годзе Гэльсынскі камітэт будзе штомесяц выдаваць праваабарончы часопіс пад назваю "Аркуш", прэзэнтацыю першага нумару якога правёў сёньня пад час прэсавае канфэрэнцыі галоўны рэдактар Аляксандар Дубравін.

Кіраўніцтва БГК таксама плянуе зарганізаваць у 2000 годзе шэраг сэмінараў найперш для дзяржаўных чыноўнікаў, каб навучыць іх паважаць хаця б фундамэнтальныя правы чалавека.

Як паведаміў намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла, камітэт пачаў падаваць у суды зыскі супраць незаконных дзеяньняў уладаў. Паводле словаў сп. Паганяйлы, нават ва ўмовах поўнага няпраўя, якое пануе цяпер у Беларусі, трэба спрабаваць дамагацца ў судох адмены незаконных дэкрэтаў і пастановаў.

І першы плён ад такіх зваротаў у суд ужо ёсьць. Днямі Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў незаконнае папярэджаньне, вынесенае БГК Міністэрствам юстыцыі. А суд Ленінскага раёну Менску прыняў да разгляду зыск Гары Паганяйлы, у якім ён патрабуе адмяніць дэкрэт Лукашэнкі "Аб некаторых мерах па аднаўленьні стратаў, нанесеных дзяржаве".

Згодна з гэтым дэкрэтам цяпер уласнасьць любога грамадзяніна можа быць сканфіскаваная, калі ўлады палічаць, што гэты чалавек нанёс дзяржаве страты.

А найбольш важным праектам наступнага году кіраўніцтва Гэльсынскага камітэту лічыць выданьне г.зв. "Шэрае кнігі" злачынстваў уладаў супраць правоў чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы зьбіраюцца прасіць узначаліць назіральны камітэт у выданьні гэтае кнігі народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

XS
SM
MD
LG