Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На гэтым тыдні абвастрылася абстаноўка ў працэсе над дэпутатам Вярхоўнага Савету Андрэям Клімавым. Дайшло да таго, што ў чацьвер судзьдзя Вера Тупік выдаліла Клімава з судовае залі, дзе працягваецца суд над ім і яшчэ васьмю будаўнікамі, і цяпер галоўны абвінавачваны ня можа назіраць за працэсам.

А адбылося наступнае. Як мы паведамлялі, на мінулым тыдні была прызначаная дадатковая экспэртыза будоўлі, на якой быццам бы Клімаў скраў у дзяржавы грошы. Аднак гэтая экпэртыза фактычна прадублявала ранейшую экспэртызу, што ўжо была прызнаная памылковай.

І ня дзіва, бо паўторную экспэртызу праводзілі тыя ж экспэрты. Між тым, абарона й абвінавачваныя патрабавалі новае комплекснай экспэртызы, якая б улічыла ўсе выдаткі будаўнічае фірмы Клімава па ўзьвядзеньню сумнавядомага элітнага дому на Лодачнай вуліцы. Але дарэмна.

І вось калі ў чацвер судзьдзя ў чарговы раз адхіліла хадайніцтвы, Клімаў папрасіў слова для яшчэ аднаго хадайніцтва. Судзьдзя Вера Тупік адмовіла, Клімаў настойваў, павысіў голас і судзьдзя выдаліла яго з залі – "за непавагу да суду".

Як высьветлілі потым адвакаты, Клімаў зьбіраўся заявіць адвод судзьдзі Тупік, але, як бачым, яго апярэдзілі. "У прынцыпе гэта азначае, што на час усяго судовага расьледваньня Клімава ў залі ня будзе.

Рашэньне беспрэцэдэнтавае, але судзьдзя мае права прымаць і такое рашэньне" – пракамэнтаваў сытуацыю грамадзкі абаронца Клімава Гары Паганяйла. Пры гэтым ён выказаў зьдзіўленьне, як далей разглядаць матэрыялы справы, калі адсутнічае галоўны абвінавачваны. Таксама ён зьвярнуў увагу на тое, што цяпер груба парушаюцца правы Клімава на абарону.

XS
SM
MD
LG