Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Міністэрства адукацыі Беларусі распрацавала праект праграмы падтрымкі беларускамоўнай адукацыі ва ўсіх узроўнях сыстэмы навучальных установаў.

Паводле праекту міністэрства зьбіраецца часткова беларусізаваць сыстэму адукацыі.

Самі аўтары, прыводзячы лічбы сучаснага стану беларускамоўнай адукацыі, апісваюць, да чаго дайшла гэтая сыстэма пад кіраўніцтвам тых самых уладных структураў, якія сёньня забілі трывогу.

У 1998-99 навучальным годзе ў гарадзкіх школах краіны па-беларуску вучыліся толькі 6,8 адсотка ад агульнае колькасьці першаклясьнікаў, паведамляюць аўтары праэкту, пры гэтым, праўда, не гаворачы, што ўсяго пяць гадоў таму гэтая лічба была 58,6 адсотка. Нават у традыцыйна беларускіх сельскіх школах цяпер на роднай мове вучыцца толькі 77 адсоткаў школьнікаў.

Выснова з прыведзенай (хоць і абмежаванай) статыстыкі робіцца аўтарамі праекту слушна: "Сытуацыя сьведчыць аб неабходнасьці прыняцьця захадаў у прыпыненьні працэсу пераводу беларускамоўных школаў і клясаў на рускую мову навучаньня".

Захады, якія прапануюцца гэтым праектам, больш нагадваюць кампартыйную пастанову, чым канкрэтную праграму выпраўленьня сытуацыі. "Стварыць каардынацыйную раду…", "Прааналізаваць стан…", "Ажыцьцявіць паступовы перавод на беларускую мову візуальнай інфармацыі ва ўстановах навучаньня…", "Узмацніць патрабаваньні да вядзеньня справаводзтва на беларускай мове…" У такіх няпэўных фармулёўках гэты праект складзены амаль цалкам.

Асабліва уражваюць пункты кшталту: "Забясьпечыць усе дашкольныя ўстановы, якія працуюць на беларускай мове, праграмаю навучаньня й выхаваньня "Пралеска" (беларускамоўны варыянт)". З чаго вынікае, што зараз названыя беларускамоўнымі дзіцячыя садкі працуюць па-руску, што падцьвярджаюць дадзеныя ТБМ па Менску. З 12-ці афіцыйна беларускіх садкоў на самрэч такім, ды й тое з пэўнымі агаворкамі, ёсьць толькі сад № 189.

Ці такі вось пункт: "Прыняць неабходныя захады ў забесьпячэньні ў беларускамоўных школах выкладаньня ўсіх прадметаў на беларускай мове…"

Нашыя сталыя слухачы памятаюць гісторыю менскае сям'і Раманцовых, якая ўжо другі год змагаецца за выкладаньне па-беларуску ў клясе, які лічыцца беларускім. Зьяўленьне асобнага пункту ў праекце сьведчыць, што такіх – нібыта беларускіх – школаў у краіне пераважная бальшыня.

З нешматлікіх канкрэтных прапановаў праекту трэба адзначыць намеры адчыніць сетку беларускамоўных гімназіяў, а таксама беларускамоўныя плыні ў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах, ажыцьцявіць перавод на беларускую мову пэдагагічных ўстановаў. Што, аднак таксама ня новае, а ўжо было ў сыстэме адукацыі за часам Шушкевіча.

І яшчэ адная выснова з гэтага праекту. Шматгадовыя кантакты зь Міністэрствам адукацыі даюць падставы сумнявацца ў ягонае беларусізацыйнай ініцыятыве.

І вось папера, якая і падцьвярджае, што школьнае ведамства й на гэты раз выконвае загад зьверху. Зь неафіцыйных крыніцаў да нас трапіла службовая запіска намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Івана Пашкевіча, адрасаваная ў ліку іншых і міністру адукацыі сп. Стражаву.

У ёй сказана: "Думаю, што нам трэба мець пэрспэктыўную праграму падтрымкі нацыянальнае мовы. У сувязі з гэтым прашу вас абмеркаваць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі беларускамоўную праблему і ўнесьці прапановы дзеля дакладу кіраўніку дзяржавы". Так што школьнае ведамства ўжо адрапартавала.

XS
SM
MD
LG