Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

На мінулым тыдні стала вядома пра адстаўкі кіраўніка справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова й памочніка кіраўніка дзяржавы Міхала Сазонава. Паводле чутак, у блізкім часе адбудзецца яшчэ шэраг кадравых перамяшчэньняў: чакаецца, што страцяць свае пасады кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Мясьніковіч, старшыня Нацыянальнага банку Пракаповіч, кіраўнік Дзяржтэлерадыё Кісель.

У аўтарытарнай краіне, дзе няма публічнае палітыкі, палітыка прымае вычварныя формы "бойкі пад коўдраю", бойкі за доступ да "цела" гаспадара.

Прыклад такіх боек ў нямецкім трэцім Райху няблага пададзены ў любімай савецкімі тэлегледачамі стужцы "Сямнаццаць імгненьняў вясны".

Справа не ў выкрывальных атаясамленьнях, а ў агульных заканамернасьцях, якія спараджае канцэнтрацыя ўлады й адсутнасьць палітычнае свабоды. Калі грамадзтвам кіруе не закон, а сіла, кіраўнік такой сыстэмы заўсёды жыве ў чаканьні апаратнае змовы супраць яго. І прынцыпам падбору кадраў робіцца не ацэнка прафэсійных здольнасьцяў, а асабістая адданасьць гаспадару, прычым ступень патрэбнае адданасьці ўвесь час падвышаецца.

Як жа забясьпечваецца такі адбор? Першае – гэта прызначэньне асабіста знаёмых людзей. "Магілеўская плынь" ва ўладу, якую мы назіраем ўсе гады праўленьня Лукашэнкі, тлумачацца менавіта гэтым. Былы дырэктар саўгасу "Гарадзец" на Магілеўшчыне прызначае тых, каго хаця б крышачку ведаў у былыя гады. Зямляцкія сувязі робяцца заменьнікам ідэйнай еднасьці й звычайнае чынавенскае ляяльнасьці.

Яшчэ адзін важны мэханізм забесьпячэньня поўнай адданасьці апарату – няспынная ратацыя. У самой таталітарнай уладзе чалавек, які даўгі час займае высокае мейсца, набывае пэўную аўтаномію, пэўную асабістую "вагу", ён абрастае "сувязямі" й "сваімі" людзьмі. Вось тут яго, паводле лёгікі сыстэмы, і трэба здымаць і ставіць на ягонае мейсца "сьвежага" чалавека, які па-за воляю гаспадара – нішто.

Дзікія, на першы погляд, бессэнсоўныя сталінскія чысткі тлумачацца менавіта дзеяньнем гэтага закону.

Магчыма, і зараз у Беларусі прыйшоў час "зьняцьця пласту". Зразумела, сучасная Беларусь – ня сталінскі СССР, але цалкам магчыма, што прычына адстаўкі Івана Ціцянкова палягае менавіта ў тым, што ён стаў надта ўплывовай асобаю.

На працягу праўленьня Лукашэнкі ў розны час розным чыноўнікам даваліся паўнамоцтвы кантактаваць з апазыцыяй. Яны й кантактавалі, праводзячы, ў межах свайго разуменьня, лукашэнкаву лінію. Цікава, што сканчалі яны ўсе кепска: ці паніженьнем у пасадзе, ці навогул адстаўкаю, як зараз Міхал Сазонаў.

І не таму, што раптам пераходзілі на бок апазыцыі, а таму, што іхны статус увесь час спараджаў падозраньні ў здрадзе, што ў аўтарытарнай сыстэме ёсьць сынонім самой здрады.

Нават у самай жорсткай уладнай сыстэме звычайна адбываецца падзел атачэньня гаспадара на "памяркоўных" і "радыкалаў". Падзел гэты, зразумела, умоўны: проста адныя лічаць, што захаваньню сыстэмы будзе садзейнічаць больш гнуткая лінія, скіраваная на падман і раскол ворагаў; другія мяркуюць, што трэба душыць без ўсялякіх фокусаў.

Гэта падзел надзвычай абвастрае барацьбу, неверагодна павялічвае колькасьць даносаў адзін на аднаго. Пададзены гаспадару "кампрамат" ёсьць рэччу малазначнай, а вось абвінавачваньне ў неляяльнасьці – гэта сьмяротная зброя.

Часам гэтыя інфармацыйныя "наезды" робяцца шляхам "уцечак", у тым ліку і ў незалежны друк. Учора ў "Комсомольской правде" зьявілася паведамленьне пра тое, што Міхал Сазонаў нібыта пайшоў у адстаўку з прычыны нязгоды з "валюнтарысцкай палітыкаю, якую праводзіла адміністрацыя прэзыдэнта".

Магло быць і так, але ўдзел былога прэзыдэнцкага памочніка ў падпісаньні беларуска-расейскае дамовы з гэтай вэрсіяй ня вельмі стасуецца. Такім "зьлівам" праціўнікі Сазонава маглі проста паспрабаваць дыскрэдытаваць яго ў вачах шэфа.

Упартыя чуткі пра сэрыю блізкіх адставак таксама могуць быць, кажучы моваю спэцслужбаў, "актыўнымі апэрацыямі" супраць асобаў, якія ў гэтых чутках фігуруюць. Мэта – вывесьці асобу з раўнавагі, справакаваць на неадэкватную рэакцыю, укінуць ідэю пра ненадзейнасьць пазыцыі апанэнта і ў грамадзкую сьвядомасьць, і ў сьвядомасьць кіраўніка, які прымае рашэньні. Кампанія чутак можа быць не адлюстраваньнем, а сродкам правядзеньня, правакаваньня кампаніі адставак.

Калі глядзець на дзеяньне гэтых мэханізмаў зусім па-філязофску, дык варта адзначыць, што ў рэшце рэшт гэта мэханізмы самазьнішчэньня сыстэмы. Сталін, зьнішчаючы пакаленьне наіўных бальшавікоў, выхаваў ваўкоў са стальнымі ікламі кшталту Хрушчова, Малянкова й Берыі. І яны, каб уратавацца ад зьнішчэньня, зьнішчылі гаспадара.

XS
SM
MD
LG