Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Савецкім судзе Менску працягнуліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі пратэсту з нагоды падпісаньня расейска-беларускае дамовы.

Ірына Гурына й Сьцяпан Кульчанка, затрыманыя ўдзельнікі апазыцыйнай акцыі пратэсту, міжнародны дзень Дэклярацыі правоў чалавека сустрэлі ў судзе Савецкага раёну Менску.

Судзьдзя Аксана Рэлява вынесла прысуд спачатку Ірыне Гурынай, маці дваіх непаўнагадовых дзяцей. Гурына атрымала папярэджаньне. Сьведкі з боку міліцыі, супрацоўнікі Савецкага РАУСу Аляксеенка й Місючэнка, далі супрацьлеглыя паказаньні. Яны нават не змаглі ў судовым паседжаньні растлумачыць, дзе было мейсца затрыманьня і ў колькі гадзінаў гэта адбылося. Больш таго, лейтэнант Аляксеенка настойваў на тым, што дэманстранты рухаліся па першай паласе праезнае часткі, а міліцыянты зрабілі жывы ланцуг і рухаліся па ходніках.

Ірына Гурына так пракаментавала судовае паседжаньне:

(Гурына: ) "Паказаньні супрацоўнікаў міліцыі былі бязглуздыя. Склалася ўражаньне, што іх ўвогуле не было на акцыі. Яны пераблыталі мейсца затрыманьня, несупадзеньне ў часе склала каля дзьвюх гадзінаў! Мяне ўразіла тое, што яны хавалі вочы, – відаць, ім было сорамна за сваю хлусьню. Бо мяне затрымлівалі зусім іншыя людзі, а гэтых я ўвогуле ня бачыла.

Але я не чакала такога мяккага прысуду, хаця й не лічу сябе вінаватай. Я сама руская, усе мае сваякі жывуць у Расеі, але я не магла заставацца дома, мяне на вуліцу выцягнулі маё сумленьне й любоў да Беларусі. Я хацела прыцягнуць увагу тых грамадзянаў Беларусі, якія, на маю думку, не разумеюць, што на самой справе адбылося, і якія наступствы чакаюць іх ды іхных дзяцей".

Перад тым, як разглядаць адміністрацыйную справу студэнта з Мар'інай Горкі Сьцяпана Кульчанкі, судзьдзя Аксана Рэлява патрабавала ад супрацоўнікаў міліцыі відэастужку. Яна яе прагледзела ў сваім кабінеце за зачыненымі дзьвярыма разам зь нейкім міліцэйскім начальнікам. Потым паклікала сьведкаў з боку міліцыі, каб яны забралі тэлевізар і відэамагнітафон з кабінэту.

Сьцяпан Кульчанка быў затрыманы АМАП-аўцамі напачатку акцыі каля пляцу Якуба Коласа пад час першае спробы перакрыць дарожны рух. Але лейтэнант Аляксеенка і тут даў паказаньні, нібыта ён асабіста яго назіраў на працягу ўсяго шэсьця, і, калі яно скончылася, сам і затрымаў.

Варта адзначыць, што апэратары "НТВ" і "ОРТ" здымалі, як Сьцяпана Кульчанку затрымлівалі напачатку акцыі АМАП-аўцы і як яго білі галавою аб аўтобус.

На гэты момант судовае паседжаньне яшчэ ня скончылася й вынікі яго невядомыя.

XS
SM
MD
LG