Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

17:00 паводле менскага часу і ўсе падыходы да адміністрацыі Лукашэнкі блякаваныя ўзмоцненымі патрулямі міліцыі. Перакрыты падыходы з усіх вуліцаў. Беларуская апазыцыя – Каардынацыйная рада дэмакратычных арганізацыяў – праводзіць акцыю, прымеркаваную да ўгодак прыняцьця Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чалавека.

Каля сотні людзей стаць на праспэкце Скарыны ля блякаванай міліцыяй вуліцы Леніна. Частцы, таксама каля сотні, удалося прайсьці да адміністарцыі.

Ужо ёсьць першыя затрыманыя. Гаворыць сьведка затрыманьняў Вера Цюрлюкевіч:

(Цюрлюкевіч: ) "Пераапранутыя ў цывільнае хлопцы вялі трох хлапчукоў, на руках у іх былі наручнікі".

Акцыя плянавалася ў форме перадачы пэтыцыяў Аляксандру Лукашэнку. Зьмест пэтыцыі, якую плянаваў перадаць у адміністрацыю кожны з удзельнікаў, даволі просты: "Я выказваю свой рашучы пратэст супроць росту цэнаў, і зьбядненьня народу, парушэньня правоў чалавека, манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі, парушэньня законаў з боку ўлады, гандлю незалежнасьцю Рэспублікі Беларусь. Патрабую вызваліць палітвязьняў, спыніць зьнішчэньне сувэрэнітэту Беларусі, дабрахвотна адмовіцца ад захопленай улады".

Перадаць свае патрабаваньні ўдалося пакуль далёка ня ўсім. Кіраўніку Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бляцкаму дазволілі прайсьці ў адміністрацыю Лукашэнкі:

(Бяляцкі: ) "Шчыльныя кардоны не пускаюць людзей, але сапраўды нам неяк пашанцавала. Мы ўтрох ад праваабарончага цэнтру "Вясна" прайшлі туды бліжэй. Там таксама праход перапынены, толькі што не пусьцілі вялікую групу навучэнцаў у тэатр, якія ішлі ў Тэатр юнага гледача. Выглядала гэта ўсё вельмі дзіўна. Бо, я нагадваю, сёньня ж Дзень правоў чалавека. Я і спадар Падгол з петыцыяй "Вясны" прайшлі праз кардоны, на дзіва нас прапусьцілі, нават,не далі нам суправаджатага, што яны рабілі з наступнымі людзьмі, якія ішлі з петыцыямі. Мы прыйшлі ў вітальню прэзыдэнта і апусьцілі ў скрыню свой зварот. Наступным быў спадар Багданкевіч, а наступным – старшыня Сялянскай партыі спадар Лугін".

Лідэр Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч пасьля працяглых перамоваў зь міліцыяй дамогся права прайсьці ў адміністрацыю Лукашэнкі й перадаць каля 100 пэтыцыяў.

На момант выхаду матэрыялу Мікола Стакевіч яшчэ знаходзіўся ў будынку адміністрацыі.

(Стакевіч: ) "Спадар Лукашэнка баіцца свайго народа. Баіцца, сагнаў гэтых людзей у форме, які тут таксама сагналі Бог ведае, як быццам у горадзе злачынстваў няма. Я абыйшоў усё вакол з усіх бакоў – усё ачэпленае, у дварох – страшэнная колькасьць аўтобусаў з унутранымі войскамі, зь міліцыянтамі. Што тут? Людзі проста прынесьлі свае заявы. Што такія страшныя мы? Усяго толькі 5 гадоў таму людзі абіралі яго. А ўжо пачынаюцца нейкія хаваньні за сьпіны міліцыі".

Пакуль міліцыянты паводзяць сябе спакойна й сутычак з маніфэстантамі пакуль не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG