Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Адстаўка Міхала Сазонава з пасады памочніка Аляксандра Лукашэнкі й кіраўніка ўрадавае дэлегацыі на маючых адбыцца перамовах з апазыцыяй не павінна адмоўна паўплываць на далейшыя падзеі. Менавіта з гэтых словаў кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі сп. Віка пачалося 9 снежьня ў Менску пасяджэньне Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, якая не зьбіралася амаль месяц.

Ганс-Георг Вік паінфармаваў удзельнікаў пасяджэньня пра адстаўку Міхала Сазонава.

Паводле кіраўніка групы АБСЭ, першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў у размове зь ім падкрэсьліў тры важныя аспэкты. Па-першае, адстаўка Сазонава нібыта ня зьвязаная з палітыкаю, а носіць асабісты характар. Па-другое, Мартынаў запэўніў суразмоўцу ў гатовасьці ўладаў да перамоўнага працесу. І трэцяе: спатрэбіцца нейкі час, каб Сазонаву знайшлі пераемніка.

У шчырасьці гэтых словаў ёсьць пэўны сумнеў. Справа ў тым, што літаральна праз хвіліну пасьля гэтага паведамленьня Вік распавёў пра сваю апошнюю размову з Сазонавым, якая адбылася да сустрэчы з Мартынавым. Тады былы кіраўнік урадавае групы сказаў прадстаўніку АБСЭ, што павінен дамагчыся ад Лукашэнкі згоды на невялікія карэктывы дакумэнтаў, якія падпісалі экспэрты ў мас-мэдыя з абодвух бакоў.

"Трэба выйсьці з сытуацыі так, каб захаваць пры гэтым прыстойнасьць",– канстатаваў Сазонаў. Тады ж ён паведаміў Віку: калі знайсьці паразуменьне з Лукашэнкам будзе немагчыма, ён, Сазонаў, пойдзе ў адстаўку.

Адстаўка, як мы ўжо ведаем, адбылася. Ускосна гэта сьведчыць пра тое, што аніякіх саступак ад Лукашэнкі Сазонаў не дамогся. Таму запэўніваньні з боку першага намесьніка міністра замежных справаў выглядаюць хутчэй дыпляматычным крокам, чым дакладнай інфармацыяй.

Тым больш, калі падцьвердзіцца пакуль яшчэ неафіцыйная інфармацыя пра тое, што пераемнікам Сазонава стане кіраўнік галоўнае праўнай управы адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Пласкавіцкі. У яго ўстойлівая рэпутацыя чыноўніка, які гатовы выканаць любы загад гаспадара й ня схільны да кампрамісаў.

Кожны з прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў атрымаў магчымасьць выказацца наконт сытуацыі, якая склалася пасьля адстаўкі Сазонава й падпісання хаўруснае дамовы.

Усе прытрымліваюцца падобнай пазыцыі: адмова ад кансультацыяў не палепшыць сытуацыю, рэжым даваў абяцаньні міжнароднай супольнасьці – і павінны іх выконваць.

Таму, як вынік абмеркаваньня, была прынятая кароткая заява. У ёй канстатуецца падтрымка заявы Вярхоўнага Савету пра тое, што беларуска-расейская дамова ня мае юрыдычнае моцы, а таксама гаворыцца, што ўдзельнікі Кансультатыўнае рады гатовыя да перамоваў, але будуць трымаць паўзу да таго часу, пакуль урадавы бок ня выканае свае забавязацельствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG