Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Агляд публікацыяў на тэму падпісанай у Маскве дамовы ў сёняшніх расейскіх газэтах.

Цяпер у нас будзе шмат агульнага, – піша "Комсомольская правда", – агульныя межы, эканамічная прастора, грамадзянства, ракеты. І, нават, валюта. Але не адразу, а да 2005 года. Калі, канечне, лёс саюзнай дзяржавы, назову якой пакуль што няма і, верагодна, ніколі ня будзе, не напаткае лёс СНД. Як вядома, СНД як нібыта ёсьць – а ў жыцьці яго няма".

"Российская газета" піша: "Упершыню з 8 сьнежня 1991 году, калі распалася вялікая краіна, на прасторы былога Савецкага Саюзу ўзьнікла вялізнае міжнароднае дзяржаўнае ўтварэньне, якое займае тэрыторыю ад мяжы з Польшчай на захадзе да межаў зь Японіяй і ЗША на ўсходзе. Гэта значыць, больш як палову тэрыторыі зямное кулі. Цьвёрдая воля расейскага і беларускага народаў да яднаньня, якая ажыцьцяўляецца прэзыдэнтамі дзвюх краінаў, атрымала сваё знамянальнае ўвасабленьне…У гэтага сустрэчнага руху былі, канешне, і праціўнікі – і ў Расеі, і ў Беларусі. Але іх ня проста абсалютная меншасьць, а ў літаральным сэнсе – адзінкі", – пераконвае чытачоў "Российская газета".

У гэтым жа выданьні Ўладзімер Эфанаў адзначае, што "падпісаньне дакумэнту не азначае, што на абшарах былога Саюзу зьявілася новая дзяржава. Дамова – гэта толькі пачатак складанага і даволі працяглага паводле часу працэсу стварэньня такой дзяржавы. Але дакумэнт дастаткова канкрэтны. Ён дае кіраўнікам дзвюх краінаў самыя шырокія паўнамоцтвы рухацца ў зададзеным напрамку на зусім законных падставах.

Асаблівасьць праекту, – працягвае Ўладзімер Эфанаў, – палягае ў тым, што на першы плян вылучаюцца не праблемы палітычнай пабудовы дзяржавы, чым мы апошнім часам захапляліся, а – эканоміка. Прадумовы моцнага палітычнага саюзу павінны быць створаныя ў сувэрэнных эканоміках абедзвюх дзяржаваў. Што тычыцца вяршыні эканамічнай інтэграцыі – валютнага саюзу, дык ён магчымы толькі пасьля вырашэньня мэтаў эканамічнай інтэграцыі, гарманізацыі заканадаўства, стварэньня канкрэтных мэтаў дзеля свабоднага перамяшчэньня людзей, капіталаў і тавараў.

Абодва бакі прыйшлі да разуменьня, што на гэта спатрэбіцца значны час. Але й не расьцягнуты на дзесяцігодзьдзі, як гэта назіраецца ў працэсе інтэграцыі эўрапейскіх краінаў. Палітыкі не пасьпелі разьвесьці нас нагэтулькі, каб ўсё пачынаць з нуля", – адзначае "Российская газета".

"Расея вырасла да Берасьця" – пад такім загалоўкам зьмешчаны артыкул Вадзіма Сухаверхава і Алены Каратковай у газэце "Московский комсомолец". Апісваючы візыт Лукашэнкі ў Маскву, аўтары заўважаюць: "Напэўна, апошні раз Лукашэнку сустракалі ў Маскве як замежнага госьця – з ганаровай вартай, аркестрам і гімнам". І далей: "Калі ўсё пойдзе нармальна, дык саюз можа быць другім "вакном у Эўропу". Тут, з вайскова-стратэгічнага пункту гледжаньня, нашым былым суседзям па сацыялістычным лягеры – новым членам НАТА – не пазайздросьціш. Бачыць на ўласных межах магутную групоўку расейска-беларускіх войскаў (а менавіта такую заплянавана стварыць) не жадае ніхто.

Праз новае "вакно ў Эўропу" можна гнаць нафту і газу на Захад, а адтуль – тавары бяз мытных пошлінаў. Мы, натуральна, ня будзем плаціць Беларусі за транзыт нафты і газу, але і яна ў адказ, ужо на поўных падставах, ня будзе плаціць", – адзначаюць аўтары артыкула ў газэце "Московский комсомолец".

Нагадваючы пра рэакцыю прэзыдэнтаў Татарстану і Інгушэтыі, якія лічаць неабходным падвысіць і статус іх рэспублік, на падпісанне апошняй дамовы, Яўген Круцікаў у "Известиях" піша, што "наўрад ці варта перабольшваць небясьпеку гэтай праблемы – цяпер не 1992 год, калі ўсе бралі самастойнасьці столькі, колькі маглі зьнесьці. Цяпер існуе мноства спосабаў дамовіцца з Мінцімерам Шайміевым, не гаворачы ўжо пра Руслана Аўшава".

І яшчэ адна цытата з сёняшніх "Известий": "Перабольшаная і небясьпека "кар'ернага ўзлёту" Аляксандра Лукашэнкі на расейскай палітычнай арэне – асабліва на фоне росту папулярнасьці Ўладзімера Пуціна. Натуральныя палітычныя саюзьнікі беларускага бацькі – камуністы. Але спроба вылучыць Аляксандра Рыгоравіча на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах скончыцца, найперш, "зьяданьнем" ім расейскіх камуністаў, а па-другое, хуткай кансалідацыяй большасьці ўплывовых палітычных сілаў супраць "чырвонай пагрозы" наагул, і супраць асабіста Лукашэнкі як беспасярэдняй пагрозы для расейскай грамадзка-палітычнай практыкі, якая ўжо ўсталявалася" – адзначаецца ў маскоўскіх "Известиях".

XS
SM
MD
LG